Ад Гродзенскай вобласці ў Мінск адправілі дэлегатаў слухаць пасланне Аляксандра Лукашэнкі. Для некаторых бюджэтнікаў арганізавалі прагляд на іх працоўных месцах. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, хто туды паехаў і як праходзіла трансляцыя.
Не менш за 20 гродзенцаў усталі 31 сакавіка рана раніцай, каб паехаць у Мінск і слухаць пасланне ўжывую. Сярод іх — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзянкоў.
Таксама ў ліку запрошаных — генеральны дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка.
Усяго ўдзел прынялі больш за 2,5 тыс.чалавек. Гэта, паведамляюць СМІ, парламентарыі і дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска, вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных органаў, СМІ, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый, кіраўнікі рэлігійных канфесій, парламентарыі мінулых скліканняў, прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі, грамадзянскай супольнасці, моладзь.
Глядзелі па відэа
Для супрацоўнікаў міліцыі ў Гродне арганізавалі прагляд паслання ў актавай зале УУС.
Таксама пасланне слухалі супрацоўнікі абласнога інстытута развіцця адукацыі.
«Для падтрымання духу»
Раней дзяржаўныя дзеячы ў «Гродзенскай праўдзе» распавялі, чаго чакаюць ад паслання. Першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэй Есін слухае пасланне для ўмацавання і падтрымання народнага духу і стойкасці беларускага грамадства.
Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта чакала адказу на тры пытанні: ці гатовыя беларусы плаціць за ўласныя абарону і дзяржаву; ці гатовыя плаціць за суверэнітэт і незалежнасць; ці гатовыя быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе.
Юрый Аляксей, генеральны дырэктар КУП «Гроднааблкінавідэапракат», намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», хацеў пагаварыць аб партыйным будаўніцтве.
Лілія Кір'як, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, хацела кансалідацыі беларусаў.
Чытайце таксама: Лукашэнка прапанаваў абмяняць Пачобута на Латушку і «ўсю групу», а Барыс назваў «сваёй»