Навіны

«Канфіскаваны цэлы арсенал зброі». Лукашэнка пракаментаваў забойства замежніка ў Гродне

Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка сабраў нараду з сілавікамі. Праз два дні пасля забойства замежнага грамадзяніна ў Гродне ён пракаментаваў сітацыю. Што яшчэ кажуць пра здарэнне з удзелам меркаванага «тэрарыста» і спецпадраздзялення КДБ «Альфа», даведаўся Hrodna.life.

Будынак на вуліцы Курчатава ў якім забілі замежнага грамадзяніна. Крыніца: «Беларусь 4 Гродна»

«Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, якія прызначаліся для „гучных“ тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў. За што малайцы нашы хлопцы — пры такой вострай сітуацыі, калі з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, не загінуў ні адзін супрацоўнік групы „Альфа“. Добрая аперацыя, добрая праца», — сказаў Лукашэнка.

Грамадзяніна якой краіны забілі сілавікі, Лукашэнка не паведаміў. Паводле неправеранай інфармацыі «Нашай нівы», у Гродне «Альфа» забіла грамадзяніна адной з дзяржаў Еўрасаюза.

Памерлы быў з расійскім пашпартам

UPD: У час штурму кватэры замежнік пачаў страляць у сілавікоў з аўтамата Калашнікава і кінуў у іх бок гранату, сцвярджаюць у рэпартажы БТ. Група «Альфа» пачала страляць у адказ і раніла мужчыну. Ён памёр у час перавозкі ў бальніцу. Паводле дакументаў гэта быў расіянін Аляксей Ламакін 1981 года нараджэння. Сілавікі сцвярджаюць, што гэта падробныя дакументы.

У здымнай кватэры потым нібыта знайшлі аўтамат калашнікава, патроны да яго і гранату Ф-1. Мужчына быццам здзяйсняў даразведку месцаў для тэрактаў. У сюжэце БТ кажуць, што гэта былі будынкі КДБ па Гродзенскай вобласці і УУС Гродзенскага аблвыканкама, чыгуначны вакзал і прамысловыя аб’екты, кватэры сілавікоў.

На тэлеканале «СТВ» паказалі пашпарт забітага. У яго тэлефоне былі фота кіраўнікоў сілавых структур Гродзенскай вобласці і мясцовых чыноўнікаў, а таксама геалакацыі месца іх пражывання. Паводле сілавікоў, на трасе «Гродна — Астрыно» знайшлі пяць кілаграм пласціда і электронных выбуховак.

Пашпар забітага які паказалі ў эфіры тэлеканала «СТВ». Крыніца: ctv.by

«Каб быў паляк ці ўкраінец, то раструбілі б ужо па ўсіх каналах»

«Мы жывем прыкладна за 500 метраў ад таго месца, дзе ўсё адбывалася. Былі дома ў гэты час. Ну чулі зусім нічога», — сказала чытачка «Радыё Свабода».

«Выглядае ўсё як інсцэнізацыя і нейкая правакацыя. Не разумею, што адбываецца, маю толькі здагадкі. Магчыма, гэта вагнэраўцы якія, у каго яшчэ можа быць тут, у Беларусі, зброя, і адкуль яе маглі прывезці, як не з Расіі? Кажуць, што зліквідавалі нейкага замежніка, і гэта таксама дзіўна гучыць. Чаму не назваць, што за замежнік? Каб быў які паляк ці ўкраінец, то раструбілі б ужо па ўсіх каналах. Усё шукаюць схаваныя ячэйкі, кожны дзень затрыманні. Што яшчэ нафантазіююць? Адзінае, што можна сказаць дакладна, — мы цяпер закладнікі, пешкі ў нейкай вялікай гульні», — сказалі чытачы тэлеканала «Белсат».

Падрабязнасці апублікуюць пры неабходнасці

«Я не ў курсе [таго, што адбылося], але ўсе на месцы. Ніхто нічога пакуль не казаў», — сказала супрацоўніца прыёмнай старшыні гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка журналістцы zerkalo.io.

Ва ўпраўленні унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама з журналістамі zerkalo.io размаўляць адмовіліся. У Камітэце дзяржаўнай бяспекі рамаўляць і ўдакладняць дэталі не захацелі. «Калі будзе такая неабходнасць, то ўсе падрабязнасці будуць апублікаваны. Калі такой неабходнасці не будзе — значыцца, не будуць».

Інцыдэнт каля дома Караніка можа быць укідам

«Распаўсюджваюцца фэйкавыя імёны, я ведаю, што некаторым СМІ дасылалі імя і прозвішча нібыта застрэленага беларуса. Мы правяралі, такіх людзей не існуе», — сказаў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў.

Паводле яго словаў, падрабязнасцяў інцыдэнта каля дома Уладзіміра Караніка у BYPOL таксама няма. Ён мяркуе, што гэта можа быць «укід».

Што адбылося

На вуліцы Курчатава ў Гродне забілі замежніка. Гэта адбылося 19 сакавіка 2023 года. Грамадзяніна спрабавалі затрымаць падчас аперацыі па «спыненні дзейнасці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі».

Мужчына нібыта хацеў аказаць узброены супраціў байцам спецпадраздзялення КДБ «Альфа» і выкарыстаць аўтаматычную зброю і баявыя гранаты. КДБ узбудзіў крымінальную справу.

20 сакавіка 2023 года стала вядома, што на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Казловічы» пачаліся масавыя допыты кіроўцаў грузавікоў. Кіроўцаў з чаргі выклікалі ў кабінет, апытвалі і правяралі тэлефоны. Разам з памежнікамі на мяжы працаваў КДБ.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Банкруціцца гродзенская IT-кампанія, якая супрацоўнічала з фірмамі з Канады і ЗША

Гродзенская IT-кампанія "Цэнтр Прагрэсіўных Распрацовак" падала заяву аб банкруцтве. Доўг фірмы - амаль 302 тыс.…

12 мая 2025

Гатовы бізнэс: на «Куфар» прадаюць бота для запісу на польскую візу

На пляцоўцы «Куфар» з'явіліся аб'явы аб продажы гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць вольныя…

12 мая 2025

У Гродне прадаецца рэстаран «Сант Микеле»: прапрацаваў 2 гады

Італьянскі рэстаран "Сант Микеле" з піцамі і элементамі малекулярнай кухні выставілі на продаж. Пра прычыны…

12 мая 2025

У Поразаве адкрыюць Дом банкухі. Яна прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

У найбліжэйшыя месяцы ў Поразаве плануюць адкрыць Дом банкухі. Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе…

10 мая 2025

На ўліку — 30 чалавек. Міліцыя ўладковае на сезонныя працы былых зняволеных

Міліцыя Гродна адпраўляе адбыўшых пакаранне на працы ў Гродзенскую агароднінную фабрыку. Зараз на ўліку ў…

10 мая 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру на 16 паверсе з ільвом і дэкаратыўным камінам

На Дзевятоўцы прадаюць трохпакаёвую кватэру на апошнім паверсе 16-павярховага дома. Акрамя шыкоўнага выгляду на палі…

10 мая 2025