У інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat апублікавалі новы нумар навуковага часопіса Homo Historicus. Гэта ўжо сёмы том гадавіка антрапалагічнай гісторыі. Галоўны рэдактар часопіса — гродзенскі гісторык Алесь Смалянчук.
У часопісе апублікавалі артыкулы гісторыкаў з Беларусі, Польшчы і Украіны. Тэксты прысвечаны Францішку Аляхновічу, Кастусю Каліноўскаму, скульптурным помнікам у гарадах і мястэчках Беларусі, іншадумству ў БССР у часы адлігі, ёсць таксама артыкул пра штодзённае жыццё беларусаў у міжваеннай Чэхаславакіі.
ВІКТАР ЯКУБАЎ (ВАРШАВА). Права на супраціў тыраніі ў Вялікім Княстве Літоўскім на прыкладзе дзейнасці Льва Сапегі і Януша Радзівіла (канец XVI — пачатак XVII ст.).
СЯРГЕЙ ГРУНТОЎ (МЕНСК). «Аўгусцейшы дзед». Імператарскія скульптурныя помнікі ў беларускіх гарадах і мястэчках у пачатку ХХ ст.
ЯН ГАРДЗЕЕЎ (КРАКАЎ). Białoruś w koncepcjach Leona Wasilewskiego i Stanisława Grabskiego przed traktatem ryskim.
ОЛЬГА ЗУБКО (ВІННІЦА). Штодзённае жыццё беларусаў у міжваеннай Чэхаславакіі (1919−1939).
АЛЯКСАНДР ГУЖАЛОЎСКІ, ДАНУТА ГРЫНЬ (МЕНСК).
Іншадумства ў БССР у часы Адлігі.
МІКОЛА БЯНЬКО (МЕНСК). Вобразы савецкай рэчаіснасці 1960-х гг.: перапіска «антысаветчыкаў» Луцкевічаў.
АЛЯКСАНДР РАДЗЮК (ГРОДНА). Вобраз Расійскай імперыі ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі (на прыкладзе афіцыйных сайтаў мясцовых органаў улады).
Мітрафан Доўнар-Запольскі (1868−1934): асоба ў дакументах і ўспамінах. Укладанне В. М. Мятліцкай. Пад рэд. А. Смаленчука і А. Кіштымава, Мінск, 2020. 488 с.
Umysł miał jasny i serce miłujące. Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach. Wybór, opracowanie, wstęp i przypisy Roman Jurkowski, Olsztyn 2021, 743 s.
J. Grzybowski, Białoruski ruch niepodległościowy w czasie II wojny światowej, Warszawa 2021, 432 s.
Беларускі гістарычны агляд, т. 29, сшытак 1−2 (56−57), снежань 2022.
ЗАПІСЫ 42. Беларускі інстытут навукі й мастацтва = ZAPISY 42. Belarusan Institute of Arts and Sciences, New York — Miensk 2022.
Rocznik Centrum Studiów Białoruskich = Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў, 2022, nr 8.
Удакладненні да артыкула В. Івановай «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні - шлях да ліквідацыі», Homo Historicus, 2022.
Хто выдаў гадавік
Выдаўцом апошняга нумара Homo Historicus пазначана варшаўскае выдавецтва «Полацкія лабірынты». У снежні 2022 года там выдалі кнігу прысвечаную Нобелеўскаму лаўрэяту Алесю Бяляцкаму.
З’явіўся ж гадавік у 2008 годзе як праект Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Пазней яго выдавалі «Палітычная сфера» і выдавец Зміцер Колас. Ранейшыя нумары выходзілі у 2008, 2009, 2012, 2016, 2019 і 2022 гадах.
Якія гістарычныя часопісы выдавалі таксама
З 2011 года выдавалі навуковы часопіс «Гарадзенскі гадавік» пад рэдакцыяй гісторыка Юрыя Гардзеева. У ім друкавалі артыкулы гродзенскіх гісторыкаў і асвятлялі гісторыка-культурную праблематыку, не даследаваную дагэтуль. У 2016 годзе ў Гродне прэзентавалі першы нумар навуковага гістарычнага выдання — «Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў». Яго выдаў пры Варшаўскім універсітэце гісторык Генадзь Семянчук.
З 2007 года «Польска мацеж школьна» ў Гродне выдавала дзвюхмоўны часопіс «Rocznik grodzieński», дзе публікаваліся гістрыкі з Беларусі і Польшчы. Да 2019 года выйшла 5 нумароў, пазней выхад спыніўся.