У памежным пункце пропуска «Лоша» хочуць пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы будынак з навесам. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце дзяржзакупак.

Амаль $ 600 000 заплацяць за абнаўленне пункта пропуска “Лоша” на мяжы з Літвой
Памежны пункт пропуска «Лоша». Крыніца: ostrovets.by

На выкананне праекта хочуць вылучыць 1,7 млн рублёў (амаль $ 600 тыс.). Падчас працаў плануюць пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы будынак, рэканструяваць існуючы навес і павялічыць агульную плошчу пакрыцця.

Таксама плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыю, забетаніраваць пляцоўкі і праезды. Акрамя гэтага, трэба абсталяваць электрычную сетку 0,4 кВт для бесперабойнага абеспячэння новай пабудовы, мадэрнізаваць вонкавае асвятленне пункта пропуска, правесці відэаназіранне, сувязь інфармацыйных тэхналогі і аснасціць працоўныя месцы неабходнай мэбляй і абсталяваннем.

Працы плануе аплаціць Гродзенская рэгіянальная мытня з уласных сродкаў. Пакуль замоўца шукае распрацоўшчыка перадпраектнай і праектнай дакументацыі. Апошні тэрміна падачы заяўкі на ўдзел у закупцы — 16 сакавіка.

Пункт пропуску «Лоша» працуе пяць гадоў

Міжнародны пункт пропуску «Лоша» паўнавартасна працуе з кастрычніка 2017 года. Раней ён функцыянаваў як спрошчаны — ім маглі карыстацца толькі жыхары памежнай тэрыторыі.

У 2017 у «Лошы» абнавілі інфраструктуру. Пункт пачаў прапускаць любыя легкавыя аўтамабілі. Грузавыя аўто перасекчы мяжу ў гэтым месцы не могуць.