У памежным пункце пропуска “Лоша” хочуць пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы будынак з навесам. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце дзяржзакупак.

На выкананне праекта хочуць вылучыць 1,7 млн рублёў (амаль $600 тыс.). Падчас працаў плануюць пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы будынак, рэканструяваць існуючы навес і павялічыць агульную плошчу пакрыцця.
Таксама плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыю, забетаніраваць пляцоўкі і праезды. Акрамя гэтага, трэба абсталяваць электрычную сетку 0,4 кВт для бесперабойнага абеспячэння новай пабудовы, мадэрнізаваць вонкавае асвятленне пункта пропуска, правесці відэаназіранне, сувязь інфармацыйных тэхналогі і аснасціць працоўныя месцы неабходнай мэбляй і абсталяваннем.
Працы плануе аплаціць Гродзенская рэгіянальная мытня з уласных сродкаў. Пакуль замоўца шукае распрацоўшчыка перадпраектнай і праектнай дакументацыі. Апошні тэрміна падачы заяўкі на ўдзел у закупцы – 16 сакавіка.
Пункт пропуску “Лоша” працуе пяць гадоў
Міжнародны пункт пропуску “Лоша” паўнавартасна працуе з кастрычніка 2017 года. Раней ён функцыянаваў як спрошчаны – ім маглі карыстацца толькі жыхары памежнай тэрыторыі.
У 2017 у “Лошы” абнавілі інфраструктуру. Пункт пачаў прапускаць любыя легкавыя аўтамабілі. Грузавыя аўто перасекчы мяжу ў гэтым месцы не могуць.


