У Гродне затрымалі 12-гадовага школьніка. Яго разам з маці прывезлі ў міліцыю і правялі прафілактычную гутарку. Прычына – каментары ў Telegram-канале “время “редан” Гродно”. Хлопца могуць паставіць на прафілактычны ўлік.

Інфармацыю пра тое, што сустрэча «ЧВК Рёдан» адбудзецца ў Гродне 4 сакавіка 2023 года размясцілі ў Telegram-канале «время „редан“ Гродно». На момант напісання матэрыяла ў канале было 28 падпісчыкаў. Відэа з заклікамі далучыцца да сустрэчы ў Triniti апублікавалі таксама ў TikTok.
Чытайце таксама: «ЧВК Рёдан». Што за новая субкультура і ці дабралася яна да Гродна
Міліцыя і настаўнікі заклікаюць кантраляваць дзяцей
Гродзенскія сілавікі 28 лютага заклікалі бацькоў кантраляваць дзяцей і праверыць, «што адбываецца ў мабільніках» дзяцей.
1 сакавіка па школьных бацькоўскіх чатах у Гродне настаўнікі разаслалі паведамленні з апісаннем субкультуры, інфармацыяй пра бойкі ў гандлёвых цэнтрах і заклікам: “У “Трыніці” дзяцей адных не адпускаць, паходы сумесна з бацькамі. Калі дзеці будуць адны ў натоўпе – забяруць у РАУС”. Пра гэта расказалі Hrodna.life чытачы.

Заклікі закідваць сілавікоў камнямі – правакацыя ў канале гродзенскага “Рёдан”?
У каментарах пад адным з пастоў у Telegram-канале гродзенскага “ЧВК Рёдан” заклікаюць выходзіць увечары 1 сакавіка на скрыжыванне Белуша – Касманаўтаў для масавых беспарадкаў. Адзін з карыстальнікаў заклікае “закідваць камянямі і кактэйлямі” міліцыянтаў, “раскідваць цвікі і біць бутэлькі аб асфальт, блакаваць рух”.
Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання называюць гэтае паведамленне “правакацыяй” і “ўкідам”.
У Гомелі затрымалі 200 чалавек
У гомельскім гандлёвым цэнтры «Сакрэт» 28 лютага 2023 года была запланавана сустрэча падлеткаў «ЧВК Рёдан». Падчас сустрэчы сілавікі затрымалі 200 чалавек. З іх 183 — непаўнагадовыя. Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджанні, таксама іх паставяць на ўлік у інспекцыю па справах непаўнагадовых. Тым, хто старэйшы за 16 год, дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасць.
На выхадзе з гандлёвага цэнтра сілавікі прымянялі гумовыя дручкі. Таксама ў падлеткаў правяралі мабільныя тэлефоны.
Што такое і адкуль узялося «ЧВК Рёдан»
«Рёдан» — новы рух аматараў анімэ ў Беларусі, Расіі і Украіне. Рух заснаваны паводле мангі [японскія коміксы — Hrodna.life] Hunter x Hunter, якая выходзіць з 1998 года. Ёсць таксама заснаваны на манзе анімэ-серыял.
У Hunter x Hunter апавядаецца аб фантастычным свеце, населеным чароўнымі жывёламі і людзьмі, якія на іх палююць. Адзін з персанажаў – верхавод злачыннай групоўкі «Павукі» Геней Рёдане. Удзельнікі групоўкі б’юць сабе татуіроўкі ў выглядзе павука з парадкавым нумарам. У 2020 годзе ў Японіі выпусцілі мерч паводле мангі з выявай павука.


