Сацыяльныя няні для дзяцей-сірат, якія трапілі ў абласны шпіталь, зноў пачалі працаваць у Гродне. Праект «Няня замест маці» запусціў Чырвоны Крыж яшчэ ў 2016 годзе, але ў 2022 яго прыпынілі. Працу сацыяльнай няні аднавілі дзякуючы ахвяраванням прыватных асобаў паведаміла «Гродзенская праўда».
Што за праект «Няня замест маці»
У 2016 годзе ў інфекцыйнай бальніцы Гродна пачала працаваць першая сацыяльная няня — Жанна Заблоцкая. Праект быў накіраваны на тое, каб надзяліць дзяцей, якія застаюцца ў шпіталі зусім адныя, увагай і клопатам. Але адна няня не спраўлялася з усімі дзецьмі, таксама Чырвонаму Крыжу не хапала грошай.
Дзякуючы публікацыі Hrodna.life (тады — «Твой стыль») сумесна з выданнем «Имена» праект атрымаў вядомасць. Чытачы дапамаглі грашыма і Чырвоны Крыж наняў яшчэ шэсць нянь. У выніку валанцёрская ініцыятыва перарасла ў рэспубліканскі праект. Сацыяльныя няні Чырвонага Крыжа працавалі ў Гродне, Лідзе, Слоніме, Смаргоні, Навагрудке. Праект у другой палове 2022 года прыпынілі.
Чытайце таксама: Няня, которой больше нет. Как жила и работала первая больничная «мама» для малышей-сирот
Хто зараз апякуецца дзецьмі
Зараз з дзецьмі працуе няня Наталля Чарапок. Па адукацыі яна сацыяльны педагог і псіхолаг. Раней яна працавала ў дзіцячым садку, потым даглядала сталых людзей. А з 2020 года працуе сацыяльнай няняй.
Штодзённа Наталля прыходзіць у бальніцу ў 9 раніцы. Яна выконвае абавязкі бацькоў: пелянае, корміць, гуляецца з дзецьмі і абдымае іх. У самой жанчыны ёсць шасцігадовы сын.
«Нашае аддзяленне разлічана на 60 ложкаў. Бывае, у нас адначасова знаходзяцца 12 дзяцей з дзіцячых дамоў. […]. Малыя вельмі патрабуюць клопату і цяпла маці. Але паколькі гэтым шчасцем яны абдзелены, ім маральна лягчэй дзякуючы сацыяльнай няні. Гэта вялікая дапамога і супрацоўнікам аддзялення, бо ўсе гэтыя задачы лягалі на плечы нашых медсясцёр», — сказала загадчыца педыятрычнага аддзялення абласной дзіцячай клінічнай больніцы Ірына Марушка.
Як зараз можна падтрымаць праект
Каб праект «Няня замест маці» мог працаваць далей патрэбны сродкі на заробак сацыяльных нянь, набыццё падгузнікаў, сурвэтак і іншых неабходных рэчаў.
Чырвоны Крыж адкрыў сбор сродкаў для падтрымання праекта. Ахвяраваць можна праз сістэму АРІП. Каб ахвяраваць трэба зайсці ў «Разлік» (АРІП), «Дабрачыннасць, грамадскія аб’яднанні», «Дапамога дзецям, дарослым», «Беларускі Чырвоны Крыж», «Гродзенская арганізацыя», «Дабрачынны ўнёсак», код акцыі 9017. Далей трэба ўвесці суму, якую вы хаціце ахвяраваць.