Мультымедыйныя экраны на прыпынках грамадскага транспарту ў цэнтры Гродна перасталі паказваць час яго прыбыцця. Прычына — невыкананне абавязацельстваў прыватнай фірмай-усталёўшчыкам з Барысава, распавялі ў Гарадзенскім гарвыканкаме. Усталёўшчык жа тлумачыць, што перабоі ў працы табло — праз змяншэння колькасці рэкламы, піша «Гродзенская праўда».
Усталяваць інфармацыйныя табло для абвесткі пасажыраў аб часе прыбыцця гарадскога транспарту ў Гродне вырашылі ў 2017 годзе. У 2018 годзе горад заключыў дамову на ўстаноўку электронных табло з прыватнай фірмай з Барысава. Дамовіліся аб тым, што фірма будзе выкарыстоўваць экраны ў сваіх мэтах — для размяшчэння рэкламы, і паралельна трансляваць на іх расклад руху гарадскога транспарту.
Экраны з’явіліся на прыпынках з найбольшым патокам пасажыраў: «Аўтавакзал» (у абодвух кірунках), «Плошча Савецкая» (у абодвух кірунках), «Вуліца Гарнавых» і «Вуліца Фамічова» (у абодвух кірунках). Надалей усталёўшчык планаваў павялічыць іх колькасць.
У апошні час значна зменшылася колькасць рэкламы, патлумачыў уласнік электронных табло. Гэта і стала прычынай перабояў у трансляванні інфармацыі на экранах, у тым ліку і актуальнага раскладу гарадскога транспарту.
Гарадскія ўлады ў адказ вырашылі вынесці фірме папярэджанне па выкананні дамоўных абавязацельстваў або дэмантажы электронных табло, распавяла начальніца ўпраўлення эканомікі гарвыканкама Лілія Санюкевіч. Зараз у рэжыме рэальнага часу транспарт адсочваюць з дапамогай yandex.by, прагназуючы прыбыццё на прыпынак. Расклад руху грамадскага транспарту застаецца на таблічках на прыпыначных пунктах.
Чытайце таксама: