Старонкі гродзенска-беластоцкага журналіста Руслана Кулевіча ў сацыяльных сетках прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне прыняў 23 студзеня 2023 года суд Ленінскага раёна ў Гродне. Абноўлены спіс апублікавала Міністэрства інфармацыі.

Якія старонкі Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкімі:
- старонка ў “ВКонтакте” пад нікнэймам “Руслан Кулевич”;
- старонка ў Facebook пад нікнэймам Rasl Kulevich (Rasl);
- старонка ў “Одноклассники” пад нікнэймам “Руслан Кулевич”;
- старонка ў Instagram raslkulevich.
Таксама ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі старонкі выдання MOST, заснавальнікам і галоўным рэдактарам якога з’яўляецца Руслан Кулевіч:
- старонка ў Instagram mostmedia.io;
- старонка ў Twitter MOST | mostmedia.io;
- YouTube канал “МЫ ВЕРНЁМСЯ” | Руслан Кулевич | MOST”;
- суполка ў “Одноклассники” пад назвай “MOST – Белосток и Гродно, Польша и Беларусь”;
- Акаўнт з назвай mostmedia у TikTok;
- Лагатып MOST.
Яшчэ спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніся суполкай, у якой Руслан Кулевіч з’яўляецца адміністратарам:
- Cуполка ў “ВКонтакте” пад назвай “Новости Гродно | Grodno.news”.
Руслан Кулевіч: “Што зменіцца? Нічога!”
“Амаль 10 год я працаваў над сваёй аўдыторыяй і зрабіў сабе імя на вуліцах Гродна. Так, гэта я той хлопец, які ганяў па горадзе на ровары і шукаў самыя крутыя навіны. Той хлопец якога называлі «Голас вуліц» і «Самы хуткі журналіст Гродна». У 2020 годзе я змушаны быў з’ехаць з роднага горада, краіны. Так зрабілі многія журналісты ў мэтах бяспекі. Цяпер я знаходжуся ўсяго ў 80 км ад Гродна і будую MOST дадому”, – напісаў Руслан Кулевіч на сваёй старонцы ў Instagram. “Што зменіцца? Нічога! Наша каманда і далей працягне расказваць праўду. Журналіст — не злачынца”.
Па іфармацыі Hrodna.life, Руслана Кулевіча запрашалі ў суд Ленінскага раёна Гродна на разгляд справы як зацікаўленую асобу. Але ў выніку разгледзелі яе без яго ўдзелу.
Сайт MOST летась таксама прызналі экстрэмісцкім
У траўні 2022 года прадукцыю сайта MOST Media суд Ленінскага раёна горада Гродна прызнаў экстрэмісцкай.
MOST — каманда беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў польскім Беластоку. Яны распавядаюць пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і Польшчы. Сярод асноўных тэм — навіны Гродна і Беластока, гісторыя, культура і турызм у памежных раёнах. Заснавальнік MOST Media — гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч.
Чытайце таксама: «Мая новая місія — запісваць гісторыі беларусаў, якія з’ехалі». Руслан Кулевіч запускае свой відэапраект


