Навіны

Затрымалі двух прадпрымальнікаў, вынеслі папярэджанне дзяржканалу, загінулі міліцыянты. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Ваўкавыску затрымалі прадпрымальніка Дзмітрыя Марозава. Мінінфарм вынес пісьмовае папярэджанне рэдакцыі радыёпраграмы «Радио MFM». На Наваградчыне загінулі два міліцыянты з Гродна. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 23 па 29 студзеня.

У Ваўкавыску затрымалі прадпрымальніка Дзмітрыя Марозава

Таксама затрымалі яго родных і службовых асоб прыватнага прадпрыемства «Мегасіла», паведаміў Telegram-канал «Волковыск. НОВОСТИ». Яно займаецца грузаперавозкамі ўжо 20 гадоў.

Дзмітрый Марозаў. Фота: Telegram-канал «Волковыск. НОВОСТИ»

Гродзенца асудзілі на год калоніі за абразу Лукашэнкі

У Кастрычніцкім судзе Гродна 14 снежня 2022 года асудзілі Андрэя Мацонку па ч. 1 арт. 368 КК. Суддзя Дзмітрый Кедаль прызначыў мужчыне адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Андрэя абвінавацілі ў тым, што ён з мабільнага тэлефона ў сацсетцы «Одноклассники» пакінуў публікацыю з выявай і тэкстам, якія «зневажаюць гонар і годнасць асобы», маюць абразлівую інфармацыю і негатыўную ацэнку Лукашэнкі. Таксама мужчыну паставілі ў віну, што ён у сваіх публікацыях абвінаваціў Лукашэнку ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў.

Публікацыі Андрэя на старонцы заўважыў супрацоўнік міліцыі падчас маніторынгу сацыяльных сетак.

Андрэй Мацонка мае на ўтрыманні непаўналетняе дзіця.

Гродзенца пакараюць за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі на целе

32-гадовага непрацуючага раней судзімага мясцовага жыхара будуць судзіць за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі, зробленую неаднаразова (арт. 341−1 КК). Пракуратура Гродна накіравала крымінальную справу ў суд.

Абвінавачаны ў чэрвені і жніўні 2022 года на тэрыторыі аўтавакзала публічна дэманстраваў на адкрытых участках свайго цела татуіроўкі ў выглядзе нацысцкай сімволікі, за што двойчы быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У лістападзе 2022 года сітуацыя паўтарылася.

Суд Ленінскага раёна Гродна 23 студзеня асудзіў Данііла Зайца на два гады калоніі

Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) і гвалце, альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364), паведамляе «Вясна».

Судовы працэс вёў суддзя Руслан Гурын.

Данііла Зайца, які працаваў у гродзенскім філіяле «Белтэлекама», затрымалі за некалькі каментароў у сацыяльных сетках у пачатку кастрычніка 2022 года і змясцілі да суда пад варту.

Падрабязнасці крымінальнай справы пакуль невядомыя.

Прызначылі дату суда па новай крымінальнай справе фігуранта «справы Аўтуховіча» Уладзіміра Гундара

Пасяджэнне пройдзе 31 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суддзя — Алена Пятрова.

Крымінальную справу распачалі па арт. 369 КК за абразу пракурора Людмілы Герасіменкі ў ходзе папярэдняга судовага працэсу. Гундар адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказанняў па новай справе.

Пазней стала вядома, то Уладзімір Гундар адмовіўся ад праслухоўвання аўдыёзапісаў па справе. Палітвязень зноў сутыкнуўся з патрабаваннямі распранацца перад працэдурамі, звязанымі з судом. Калі раней прымушалі распранацца і прасвечваць рэчы перад уваходам у судовую залу, то цяпер здымаць рэчы і праходзіць праз асабісты ператрус патрабуюць для азнаямлення з аўдыёзапісамі з суда.

Паводле інфармацыі «Берасцейскай Вясны», Гундар напісаў адмову ад азнаямлення з аўдыё. Ён не зможа лепей падрыхтавацца да апеляцыі.

Уладзімір Гундар. Фота «Гродзенскай праўды»
Ілля Краўчэўскі. Фота: «Вясна»

Іллю Краўчэўскага асудзілі на 8,5 гадоў калоніі па 10 артыкулах

Сярод іх — абраза Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, распальванне іншай сацыяльнай варожасці, удзел у масавых беспарадках, супраціў міліцыі, перадача звестак.

Яго прызналі палітзняволеным.

72-гадоваму сланімчаніну Барысу Кучынскаму ўзмацнілі пакаранне па крымінальнай справе

Яго асудзілі ў лістападзе па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» і ч. 3 арт. 203 заўв. 1 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватныі жыцці і персанальных дадзеных». У судзе Слонімскага раёна яму прысудзілі тры гады «хатняй хіміі», штраф у 150 базавых велічынь і 150 базавых велічынь кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту (разам — 9600 рублёў).

Пракуратура падала апеляцыйную скаргу на прысуд. Гродзенскі абласны суд вынес новы — два гады «хіміі». Цяпер Барыс Кучынскі абскардзіць гэты прысуд у Вярхоўным Судзе, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Барыс Кучынскі. Фота: «Гарадзенская вясна»

Палітвязня судзяць за злоснае непадпарадкаванне калоніі

Сяргея Ярашэвіча судзяць у судзе Ваўкавыскага раёна па ч. 2 арт. 411 КК — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Сяргей — адзін за адміністратараў Telegram-канала «Армия с народом», муж палітзняволенай Антаніны Канавалавай. У траўні 2021 года яго асудзілі на 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У жніўні 2022 года адміністрацыя ПК № 11 змяшчала Сяргея ў ШІЗА і затым перавяла ў ПКТ, паведамляе «Вясна».

Сяргей Ярашэвіч. Фота: «Вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Сівук Валерый Часлававіч і Яфрэменка Алена Аляксандраўна з Гродна 27 студзеня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Лідчаніна Юрыя Брэйва асудзілі на 2,5 года калоніі

Суд прайшоў 26 студзеня 2023 у судзе Лідскага раёна. Мужчына быў затрыманы 24 лістапада 2022 года за каментары ў сацсетках.

Яго абвінавацілі па арт. 368 ч. 1 — Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; арт. 342 ч. 1 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Падсудны не скардзіўся на дрэнныя ўмовы ўтрымання, ціск, або збіццё. Будзе абскарджваць рашэнне суда, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Юрый Брэйва. Фота: Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде»

Мінінформ вынес пісьмовае папярэджанне рэдакцыі радыёпраграмы «Радио MFM»

Пісьмовае папярэджанне вынеслі «за парушэнне патрабаванняў артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» па забеспячэнні архівавання матэрыялаў радыёпраграмы «Радио MFM». Па законе інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы ўласных перадач неабходна захоўваць у запісе не менш за шэсць месяцаў з дня выпуску.

Рэдакцыя радыёпраграмы «Радио MFM» адносіцца да тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродно Плюс».

У Сейме Польшчы адкрылася выстава, прысвечаная палітвязню журналісту Анджэю Пачобуту «Пераслед за польскасць»

Арганізатары экспазіцыі распавядаюць аб сапраўдных матывах, з якіх дзейнічаюць беларускія ўлады, праз гісторыю журналіста, паведамляе «Еўрарадыё».

Руслан Садоўнічы. Фота: «Вясна»

Палітвязня з Гродна будуць судзіць па новым справе. Раней яго асудзілі на 3,5 гады калоніі

Руслан Садоўнічы выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе. Яго абвінавацілі ў тым, што ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас міліцыянтаў і іх блізкіх. 21 лютага 2022 года Руслана прысудзілі да 3,5 гадоў калоніі. 28 чэрвеня КДБ ўнёс палітвязня ў «спіс тэрарыстаў», паведамляе «Вясна».

Тэрмін палітвязень адбываў у бабруйскай калоніі. Нядаўна супраць Руслана завялі новую крымінальную справу па арт. 364 КК (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Судзіць яго пачнуць 31 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя — Дзмітрый Карзюк.

У Гродне затрымалі прадпрымальніка Антона Янкоўскага

Былы ўладальнік крамы настольных гульняў «Кубік» і распрацоўшчык настольных гульняў Антон Янкоўскі паведаміў, што затрыманы за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога» і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў «ВКонтакте».

Антон Янкоўскі, заснавальнік крамы-клуба «Кубік» перад закрыццём. Фота: Hrodna.life

90% прадукцыі Дзятлаўскага філіяла «Малочнага міру» ідзе ў Расію. Перакласці этыкетку для беларусаў - складана

Такая спецыялізацыя прадпрыемства вядомая з адказу за подпісам дырэктара прадпрыемства на зварот юрыста Ігара Случака, які той апублікаваў у сваім Facebook. Скіраванасць вырабніка на Расію замінае размясціць беларускую мову на этыкетках нават той прадукцыі, што трапляе да беларусаў.

Вядучыя ў Гродне губляюць працу з-за чорных спісаў. Іх ніхто не бачыў, але яны ёсць

«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. І рухавікі сыходзяць, якія могуць да нечага штурхаць, прыцягваць. Застаецца сярэднестатыстычныя звяно, паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі ці не думаць пра заўтрашні дзень», — лічыць вядучы, які страціў працу. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як работнікі сферы культуры губляюць працу праз «чорныя спісы».

На Навагрудчыне загінулі два міліцыянты з Гродна

Два супрацоўнікі міліцыі загінулі 27 студзеня ў дарожна-транспартным здарэнні. Яно адбылося ў Навагрудскім раёне з удзелам служэбнага аўтамабіля Ленінскага РАУС Гродна.

Аварыя ў Навагрудскім раёне. Крыніца: Telegram-канал «МВД Беларуси»

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024