Бургерную “Самы фарш” адкрылі ў Гродне на праспекце Янкі Купалы, 67. Раней на гэтым месцы была шаўрмічная. Уладальнікі пазіцыянуюць установу як “вулічную ежу з турэцкім акцэнтам”.

У Гродне адкрылі новую бургерную: у меню таксама донэры і сняданкі
Бургер у кафэ “Самы фарш”. Крыніца: Старонка samyjfarsh ў Instagram

Новую ўстанову адкрылі 26 снежня 2022 года. У меню – чатыры віды бургераў. “Біф-бургер” змяшчае ў сабе катлету з ялавічыны, салёны агурок, салат, памідор, сыр чэдар, соус грыль бургер і вяршковы соус. У “Дабл біф-бургер” дадалі яшчэ адну катлету. “Бібер бургер” – катлета з ялавічыны, вяршковы соус, салат, памідор, фірмовы таматны соус, смажаны сыр сулугуні і балгарскі перац. Таксама ў меню ёсць “Чызбургер”.

Цана бургераў: ад 7.80 да 10.90 рублёў.

Не толькі бургеры, але і донэры са сняданкамі

Акрамя бургераў у “Самы фарш” можна пакаштаваць чатыры віды донераў: “Донер ад шэфа з курыцай”, “Донэр з булбай фры”, “Донэр востры”, “Донэр мясны”. Таксама ў “Самы фарш” прапануюць” сняданкі: яечня-баўтушка з лавашом, сасіскамі і джэмам, а таксама яечня цалкамі (глазуння) з лавашом, беконам і джэмам. Цана за сняданак – 8.90 рублёў.

Таксама ў меню ёсць бульба фры і бульбяныя долькі за 4 рублі.

Блогеры хваляць, але задаволены цэнамі не ўсе

“Бургерныя булкі пякуцца для іх [для ўстановы – Hrodna.life] пад замову, катлеты і соусы таксама робяць самі, а ў донэрах замест звыклай нам (і надакучыўшай) капусты – хрумсткі салатны мікс і фірмовыя фішкі”, – напісала на сваё старонцы ў Instagram блогерка Алена Лукашык.

“Я брала хіт – біфбургер і гэта было вельмі смачна! Булка выдатна сціскаецца, дзякуючы чаму, нягледзячы на памер, яго зручна есці, шмат соуса, хрумсткая зеляніна – кайф”.

Паводле яе словаў, акрамя Coca-cola і гарбаты, ва ўстанове ёсць немалы выбар вінаў і іншага алкаголю. 

“Адкрыта непрыстойная цана на бургеры з такой маленькай грамоўкай. Магчыма, гэта цана і абумоўлена… калі іх гатуе Джон Траволта і Элтан Джон на пару, але гэта наўрадці”, – напісаў ў каментарах пад пастом у Instagram карыстальнік з нікам decorkirpich.grodno.

Вага бургераў у “Самы фарш” – ад 307 да 480 грам. Для параўнання, у Burger King вага бургера “Біг Кінг” – 203 грамы, а цана – 8,30 рублёў. Вага “Вопера” – 264 грамы, а цана – 9.10 рублёў.

Карыстальнік пад нікам kuhta_konstantin напісаў у каментарах: “Бургеры проста 🔥, як і донэр! Вельмі смачна, дзякуй”. 

Кафэ “Самы фарш”
Час працы: штодзённа з 10:00 да 23:00
Адрас: пр-т Янкі Купалы, 67