На ўскрайку горада хочуць пабудаваць індустрыяльны парк «Гродна» — комплекс будынкаў для хуткага размяшчэння ўніверсальных вытворчасцяў і офісаў. Гэта будзе першая ў Гродзенскай вобласці такая інвестыцыйная пляцоўка.
Праект індустрыяльнага парку ўключае бізнес-цэнтр да 3 тыс. кв. м, выставачныя павільёны і вытворчыя будынкі пад розныя задачы інвестара. Аб’екты забяспечаць усёй неабходнай інфраструктурай.

Парк хочуць пабудаваць у раёне Аульса, побач з новай кальцавой развязкай, уздоўж Скідзельскай шашы, насупраць новага шклозавода, які будуецца. Індустрыяльны парк зойме 13 га.

Пад вытворчыя памяшканні плануюць пабудаваць шэсць будынкаў агульнай плошчай больш за 50 тыс. кв. м., запланаваны дзве канферэнц-залы на 4 тыс. кв. м.
Патэнцыйным інвестарам адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвест» прапануе розныя мадэлі супрацоўніцтва, уключаючы будаўніцтва і кіраванне паркам, арэнду або куплю аб’ектаў (Build-Own-Operate і Build-Own-Sell). Магчымым арандатарам прапануюць уносіць прапановы па будаўніцтве індустрыяльнага парку з улікам спецыфікі іх бізнесу.
Сярод плюсаў праекта называюць выгаднае геаграфічнае становішча з доступам да міжнароднага аэрапорта, чыгунцы і магістралі М6, бязвізавы рэжым, блізкасць горада з высокім кадравым патэнцыялам і навучальнымі ўстановамі, інжынерныя сеткі і камунікацыі. Таксама гэта адсутнасць падатку на прыбытак, зямлю, нерухомасць, 0% ПДВ і мытныя пошліны.
Па звестках ад СЭЗ «Гроднаінвест» у зоне больш за 70 рэзідэнтаў і мінімум шэсць эканамічных кластараў. Атрымана $ 2 млрд інвестыцый з больш чым 35 краін, тавараабарот складае $ 2 млрд з больш чым 60 краінамі.
Пакуль рыхтуюць праект і неабходныя дакументы. Аб тэрмінах грамадскага абмеркавання і пачатку будаўніцтва невядома.
Чытайце таксама: