Музей альбо экспазіцыйную залу плануюць стварыць у кожнай школе ў 2023 годзе. Пра гэта сказаў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падчас наведвання “Музея гісторыі беларускай дзяржаўнасці” школы №52 у Мінску. Але ў школах не ўсе ўпэўнены, што ініцыятыва зверху будзе паспяховаю. 

Для школьнікаў ці для справаздачы? Чаму ўзяліся ствараць музеі ў кожнай школе
Музей Баявой Славы партызанскай брыгады імя К.Каліноўскага ў Сярэдняй школе №20 г. Гродна. Крыніца: sites.google.com

Пры такім раскладзе, мяркуе настаўнік гісторыі з Гродна, музеі рызыкуюць стаць “агітпунктамі”, патрэбнымі не для выхавання школьнікаў, а для справаздачы ў мністэрства.

Музей – справа добрая

“Калі гэта цікавы краязнаўчы матэрыял, то чаму б і не, – адказаў на пытанне  Hrodna.life пра неабходнасць музеяў у школах настаўнік гісторыі з Гродна. –  Але не ў выпадку фармалізацыі.”

Паводле яго словаў, сярод калегаў няма адзінага стаўлення да ініцыятывы міністэрства: “Яна можа стаць добрым штуршком пры адправедным стаўленні адміністрацыі і настаўнікаў. З такой жа верагоднасцю і наадварот”.

Музей – частка школьнага жыцця

“У нашай школе такі музей існуе не першае дзесяцігодзе і здаўна ўключаны ў выхаваўчы працэс. Гэта арганічная частка школьнага жыцця. Але ініцыятыва гэта была рэалізавана “знізу”, а не па патрабаванні ўпраўлення адукацыі”, – сказаў настаўнік.

Для вучняў ці для справаздачы?

Па словах настаўніка, летась ў 2021/2022 навучальным годзе па рашэнню міністэрства адукацыі ва ўсіх школах стваралі выставы аб генацыдзе беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. 

“Хуткасць выканання і дэфіцыт якасных матэрыялаў для экспазіцыі прывялі, на маю думку, да прафанацыі і стварэння “агіткутка”, – кажа настаўнік. – І гэта не працавала, як задумвалася. Так, урачыста адкрылі, зрабілі здымкі для справаздачы і пакінулі. Задачу міністэрства выканалі”.

Колькі зараз у Гродне школьных музеяў

Зараз у Гродзенскіх школах больш за 60 музеяў і музейных пакояў. Сярод іх гістарычныя музеі, якія прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, музеі гісторыі раёнаў, а таксама ёсць музей гісторыі вуліц Гродна.