У Беларусі змяняюцца ўмовы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Так, сярод дакументаў, якія трэба падаць у прыёмную камісію, з 2023 года з’явіцца характарыстыка. Калі ж абітурыент скончыў школу не ў тым жа годзе, калі праступае, а раней, характарыстыку прыйдзецца прасіць на месцы працы.
Пра гэта расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі ведамства Сяргей Каспяровіч. Характарыстыка з установы адукацыі ў першую чаргу тычыцца выпускнікоў гэтага года, растлумачыў ён. Гэта будзе характарыстыка з установы агульнай сярэдняй адукацыі, або, да прыкладу, з каледжа. Як быць у выпадку, калі абітурыент пасля заканчэння школы нідзе не працаваў, ці, напрыклад, знаходзіўся ў дэкрэтным адпачынку, у ведамстве пакуль не ўдакладнілі.
Характарыстыка спатрэбіцца нават пры паступленні на завочную форму навучання. З 2023 уведзена патрабаванне, каб пры паступленні на завочную бюджэтную форму стаж працы быў не меншы за 10 месяцаў.
Характарыстыка ўсё ж не будзе ўплываць на конкурс пры паступленні. Яна паўплывае на «выбудоўванне адукацыйнай і выхаваўчай траекторыі абітурыента, калі ён прыйдзе ва ўніверсітэт», патлумачыў Каспяровіч.
Характарыстыка выпускніка будзе ўключаць 11 пунктаў. У ёй будзе адлюстраваны стан сям'і дзіцяці. «Мы павінны ведаць, з якой ён сям'і: шматдзетнай, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзякуючы гэтым ведам, мы будзем разумець, як працаваць з гэтым навучэнцам», — расказаў раней міністр адукацыі .Андрэй Іванец. У характарыстыцы будзе адлюстраваны шэраг напрамкаў, якія тычацца хобі таго, хто паступае. Будзе пункт, прысвечаны ўдзелу ў «мерапрыемствах патрыятычнай і працоўнай накіраванасці». Адлюструюць удзел у моладзевых грамадскіх аб’яднаннях, «зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку».
Неабходнасць характарыстыкі замацаваная Указам № 2 Аляксандра Лукашэнкі, які сцвярджае змены правілаў прыёму ў ВНУ.
Аб планах Міністэрства адукацыі патрабаваць характарыстыку абітурыента пры паступленні стала вядома ўвосень 2022 года. Тады міністр адукацыі прапаноўваў звязаць з характарыстыкай ільготы пры паступленні. Такім чынам збіраліся падтрымліваць «моладзевых лідараў».
Чытайце таксама: Характеристика из школы, дети военных вне конкурса. Как изменили правила вступительной кампании