Перадсвяточныя мерапрыемствы ў Гродне пачнуцца з 5 снежня ў гарадскім маёнтку Дзеда Мароза. Далей у планах гарадскіх уладаў ужо традыцыйныя перадсвяточныя актыўнасці: адкрыць алею «дызайнерскіх» ёлак і запаліць ілюмінацыю, а на Савецкай плошчы будзе чакаць знаёмы гродзенцам «Зімовы фэст».
5 снежня ў Цэнтры рамёстваў «Спадчына» на Рэйманта, 12 адкрыецца гарадскі маёнтак Дзеда Мароза. Летась там падрыхтавалі інтэрактыўную праграму з навагоднім квэстам, падарожжам з казачнымі героямі па станцыях у пошуках Снягуркі і майстар-класам па вырабе эка-ялінкі. Тамсама пісалі лісты галоўнаму беларусаму Дзеду Марозу ў Белавежскую пушчу.
9 снежня а 17:30 ў парку Жылібера запаляць агні на алеі «дызайнерскіх» ёлак «MagicLand». Сёлета там плануюць усталяваць 50 ёлак ад розных гарадскіх кампаній, прадпрыемстваў і ўстаноў, удакладнілі на «Гродна Плюс». Таксама традыцыйна правядуць конкурс на найлепшую ёлку. Летась ёй стала ёлка ад СШ № 28.
Абавязковая ўмова конкурсу — адлюстраванне спецыфікі дзейнасці арганізацыі ці прадпрыемства. Леташнія працы да ўдзелу не дапускаюць.
Чытайце таксама: Меньше агротреша, больше фотозон и инфокиоск в елке. Смотрите, какие «дизайнерские» деревья поставили в гродненском парке
У той жа дзень уключаць гарадскую перадсвяточную ілюмінацыю. Спробнае ўключэнне гарадскіх упрыгожванняў зрабілі 1 снежня. Сёлета для ўпрыгожвання горада выкарыстоўваюць каля 117 розных канструкцый, а агульная даўжыня ілюмінацыі складае 30 км.
Таксама 9 снежня распачне працу «Зімовы фэст» на Савецкай плошчы. Кірмаш рамеснікаў і фудкорт у межах фэсту будуць адкрытыя да 8 студзеня ў буднія дні з 15.00 да 23.00, у выхадныя, перадсвяточныя і святочныя дні — з 13.00 да 23.00. 1 студзеня кірмаш будзе працаваць з 01.00 да 04.00. Для дзетак на Савецкай усталююць цір, карусель, інтэрактыўныя атракцыёны і дэкарацыі.
16 снежня пройдзе шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак. Галоўнага Дзеда Мароза сустрэнуць на пероне. Пасля прыбыцця ён ўзначаліць парад-картэж касцюмаваных аўтамабіляў і далучыцца да шэсця. На Савецкай плошчы яго ўдзельнікі запаляць агні на галоўнай ёлцы Гродна. Пачатак імпрэзы, а 18.00.
Толькі на абслугоўванне святочных упрыгожванняў сёлета выдаткуюць 426 тысяч рублёў. Яшчэ 30 тысяч сыйдзе на абсталёўванне сцэны на Савецкай плошчы. Летась святкаванне абышлося гораду ўдвая танней.