У судзе Ленінскага раёна судзяць жанчыну і мужчыну. Яны завалодалі больш чым 40 000 беларускіх рублёў праз тэлефоннае ашуканства, паведаміла «Гродзенская праўда». Пару затрымалі летам 2022 года. Паводле іх словаў, яны не здагадваліся пра тое, што з’яўляюцца часткай злачыннай групоўкі.
UPD: 29 лістапада махляроў асудзілі на чатыры гады калоніі і штрафу 200 базавых велічынь.
Як працавала схема
Жанчына знайшла ў інтэрнэце аб’яву аб падпрацоўцы кур’ерам, мужчына падтрымаў такую падпрацоўку. Пара павінна была выязджаць на патрэбны адрас, забіраць грошы, мяняць валюту на беларускія рублі і пераводзіць іх на рахунак.
Паводле іх словаў, рэальнага кантакту з «працадаўцамі» ў іх не было. Яны звязваліся праз Telegram. Пары высылалі адрас і імя чалавека, у якога трэба забраць грошы. Ад заробленага пара магла пакінуць сабе 5−10%.
«Недальнабачная і неразумная»
Калі адвакат падсуднай прапанаваў папрасіць выбачэння ў адной з ахвяраў махлярства, жанчынача адказала, што «не ведае гэтага чалавека і ніколі не бачыла».
«Я была гэтак жа недальнабачная і неразумная, як і гэтыя людзі. І цяпер я за кратамі і буду выплачваць ім гэтыя грошы. Вось і ўсё», — сказала абвінавачаная падчас суда.