Будынак былога прыгараднага аўтавакзала ў Гродне здаюць у арэнду. Аднапавярховая пабудова размяшчаецца ў 100 метрах ад галоўнага будынка аўтавакзала, на вуліцы Чырвонаармейскай, 7, паведаміў «Гроднааблаўтатранс».
Раней там размяшчаліся прыгарадныя касы, зала чакання і службовыя памяшканні. Зараз ён пусты — працуюць толькі хлебная і мясная крамы. На вольнай прасторы прапануюць арганізаваць аб’екты гандлю, грамадскага харчавання альбо офісы.
Што ёсць будынку
Будынак плошчай 513,5 кв.м. мае два ўваходы. Акрамя гэтага ёсць магчымасць прадастаўлення стаянкі плошчай 2000 кв.м. У пабудве ёсць цэнтралізаваная сістэма халоднага водазабеспячэння, каналізацыя, электразабеспячэнне, цеплазабеспячэнне. Таксама ўсталявана сістэма ахоўнай сігналізацыі, аўтаматычная пажарная ахова, відэаназіранне, тэлефан і вентыляцыя.
Яго можна арандаваць на пяць гадоў. Дазваляецца субарэнда, а таксама перапланіроўка і мадэрнізацыя.
Былы вакзал спрабуюць здаць не першы раз
Будынак з былымі прыгараднымі касамі здалі ў арэнду ў снежні 2021 года. Тады кампанія «БелФудСервис» выкупіла права арэнды за $ 4 тыс. Там планавалі адкрыць кропку сеткі фастфуда KFC. Але ў будынку так нічога і не з’явілася. Дамову арэнды з папярэднім арандатарам скасуюць 1 студзеня 2023 года.
Зацікаўленым у арэндзе будынка прапануюць тэлефанаваць па нумарах:
8(029) 267−64−64, 8(029) 781−02−71.