Навіны

Hrodna.life — экстрэмісцкае фарміраванне, крыкі з камеры Ашурка, смерць Макея. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Інтэрнэт-рэсурс і некаторыя сацсеткі Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Былы палітвязень распавёў, што з камеры Вітольда Ашурка чулі крыкі і голас начальніка рэжымнай часткі. Памёр Уладзімір Макей — ён быў міністрам замежных спраў Беларусі 10 гадоў. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 21 па 27 лістапада.

Затрыманне ў Гродне

Пры затрыманні ў хлопца знайшлі бот плана «Перамога». Ён сцвярджае, што зарэгістраваўся там памылкова. Таксама сілавікі паказалі яго каментары ў Telegram — магчыма, праз іх узбудзяць крымінальныя справы.

Падпісчык Telegram-канала «Право имеют» паведамляе, што хлопец быў падпісаны як «Кирилл Мефодьевич». У яго сацсетках ёсць фота з БЧБ-сцягам — магчыма, менавіта праз яго ім зацікавіліся сілавікі.

Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Палітвязень «хімік» Глеб Койпіш верагодна арыштаваны

Глеба Койпіша судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Мазырскім раённым судзе. Айцішнік з Гродна адбывае прысуд у два гады абмежавання волі ў ПУАТ № 21 Мазыра. Мяркуючы са сторыс гродзенца, яму пагражаў адміністрацыйны арышт.

У Гродне таксама судзілі трох «хімікаў» за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў - Іллю Кадзетава, Дзмітрыя Бабкова, Артура Чарняўскага. Яны адбываюць пакаранне ў ПУАТ Гродна альбо на «хатняй хіміі».

Глеб Койпіш у снежні 2021: пасля суда, але яшчэ да адпраўкі на «хімію». Фота: Hrodna.life

Затрыманы ў Слоніме актывіст Віктар Марчык адбыў 7 сутак арышту і 24 лістапада выйшаў на волю

Каля будынка РАУС яго сустракалі сябры і блізкія людзі.

Віктара Марчыка арыштавалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за рэпосты, зробленыя яшчэ ў 2020−2021-х гадах у адным з Telegram-чатаў. Таксама ў актывіста канфіскавалі тэлефон, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Затрыманы Віктар Марчык. Скрыншот Hrodna.life

Экстрэмісцкія матэрыялы

Прадукцыя Telegram-канала «Пагоня», старонка ў Instagram «pagoniagrodna», Telegram-канала «Южный городок, Лида», Telegram-канала «Слобода для жизни (г. Лида)», Telegram-канала «Волковыск. НОВОСТИ» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Новыя «тэрарэсты»

Быкаў Андрэй Мікалаевіч з Гродзенскай вобласці змешчаны ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Абвінавачваецца па арт. 130, арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Новыя «экстрэмісты»

Ткачук Аляксей, Плятнёў Максім з Гродна, Тумілевіч Валерый з Ліды, Юрый Піваварчык з Ваўкавыска папоўнілі «спіс экстрэмістаў».

25 лістапада туды дадалі 178 чалавек.

Былы палітвязень: з камеры Ашурка даносіліся крыкі

Былы палітвязень Віктар Пархімчык, як і Вітольд Ашурок, адбываў пакаранне ў Шклове. Ён падзяліўся са «Свабодай» інфармацыяй, якую здолеў здабыць у калоніі аб смерці палітвязня.

«У мяне склалася ўражанне, што Вітольд меў лідарскія здольнасці, — дадае Пархімчык. — Ён паказваў свой характар. Таму яго і „прэсавалі“, каб, як яны самі казалі, „паставіць на месца“, дамагчыся ад яго паслушэнства».

«Людзі, якія сядзелі ў суседняй камеры з ШІЗА, дзе быў Вітольд, сказалі мне, што чулі з камеры крыкі Вітольда і чулі голас Сяргея Карчэўскага, начальніка рэжымнай часткі. Я не магу сказаць, што яны мелі мэту менавіта забіць Вітольда. Я проста не ведаю. Можа быць, яго моцна пабілі і ён памёр ад траўмаў», — кажа былы палітвязень.

Вітольд Ашурак. Фота: профіль героя ў Facebook

Гродзенскага стаматолага-артапеда асудзілі на тры гады калоніі за абразу прэзідэнта

Стаматолаг-артапед медыка-санітарнай часткі «Гродна Азот» Аляксандр Дураеў амаль 50 разоў у сацсетках абразіў прадстаўнікоў улады і Лукашэнку. Акрамя гэтага, некаторыя выказванні медыка палічылі паклёпам на Лукашэнку, паведамляе «Вясна».

Працэс, які вёў суддзя Віталь Лабоцкі, пачаўся яшчэ 28 красавіка, але разгляд прыпынілі для правядзення комплексных лінгвістычных экспертыз. Затым абвясцілі чарговы перапынак, каб даць магчымасць абвінавачанаму выплаціць матэрыяльныя кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым.

Па ч. 1 арт. 368 ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 295 КК 3 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызначыў Аляксандру тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Аляксандр Дураеў. Фота: «Вясна»

Судовы працэс па справе «Рабочага Руху»

На працэсе агучылі падрабязнасці таго, як і хто ствараў і распаўсюджваў розныя ўлёткі ў перыяд 2020−2021 гадоў. Таксама зачыталі пратаколы допытаў абвінавачаных і сведак. На гэтым тыдні суд перайшоў да прагляду запісаў zoom-канферэнцый. На іх у тым ліку прысутнічалі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе штаба, паведамляе «Свабода».

«Пакуль паказвалі, што на zoom-канферэнцыях больш за іншых выступала Аляксандра Логвінава, прадстаўнік штаба Ціханоўскай. Відавочна, нехта запісваў іх. Але наўрад ці назавуць, хто гэта быў. На zoom-канферэнцыях вельмі шмат балбатні, такое „ні пра што“. Пакуль нейкіх радыкальных ідэй, у якіх абвінавачваюць „Рабочы Рух“, не прагучала там. Але іх шмат і праглядаць у судзе іх будуць яшчэ доўга. Абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі і тое, як яны могуць паўплываць на працу буйных прадпрыемстваў», — распавяла «Свабодзе» крыніца, якая была на пасяджэннях.

Суд па справе «Рабочага Руху». Скрыншот Hrodna.life

Адклалі суд над Андрэем Пачобутам

Суд над палітвязнем журналістам Анджэем Пачобутам, які павінен быў пачацца 28 лістапада, адкладзены.

Аб гэтым стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гродзенскі абласны суд пакуль не назваў новую дату судовага пасяджэння.

Анджэй Пачобут. Фота: Facebook.com

Павялічылася колькасць крымінальных спраў, па якіх у судах прад’яўлялі новае абвінавачванне і вярталі на дадатковае расследаванне

За студзень-верасень 2022 года ў параўнанні з тым жа перыядам 2021 года ва УСК па Гродзенскай вобласці пагоршыліся паказчыкі па некаторых напрамках дасудовай вытворчасці. У тым ліку — аператыўнасці папярэдняга расследавання, паведамілі на міжведамаснай нарадзе.

Удзельнікі нарады прыдумалі, як павысіць эфектыўнасць працы і прызначылі адказных.

Мінабароны змяніла спіс падстаў для скасавання кантракту

У спіс дадалі пункты аб удзеле ў мітынгах ці закліках да іх, парушэнні заканадаўства аб персанальных дадзеных, заклікі да страйку ці стварэнне перашкод для праходжання службы і распаўсюдзе, захоўванні або вырабе інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да «экстрэмізму», заўважыла «Медыязона. Беларусь».

Лідчанку аштрафавалі за спальванне блакітна-жоўтых фаераў да Дня Незалежнасці Украіны

У судзе Лідскага раёна 3 лістапада адбыўся суд над мясцовай жыхаркай. Яе абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» па арт. 24.23 КаАП. Паводле пратаколу, яна «правяла адзіночнае пікетаванне ў гонар Дня Незалежнасці Украіны: падчас спальвання фаераў колераў сцяга гэтай дзяржавы запісала на відэа і размясціла відэаролік на сваёй старонцы ў Instagram», паведамляе «Вясна».

Віну сваю жанчына на судзе не адмаўляла. Але адзначыла, што не ведала аб тым, што гэтыя супрацьпраўныя дзеянні. У выніку суд пастанавіў прызнаць жанчыну вінаватай і аштрафаваць яе на 20 базавых велічынь (640 рублёў).

Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Што гэта значыць для чытачоў

Гродзенскі інтэрнэт-рэсурс Hrodna.life унеслі ў «пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Такое рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі 11 лістапада 2022. Адпаведныя змены ў спісе апублікавалі на сайце Міністэрства унутранных спраў 21 лістапада.

СК: з 2020 года ў Беларусі зафіксавалі 11 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасці»

У 2022 годзе зарэгістравана 4,3 тысячы злачынстваў, але больш за палову здзейснена ў 2020−2021 гадах, паведаміў намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў.

Большасць злачынстваў, лічаць у СК, здзяйсняецца за мяжой і ў інтэрнэце.

Таксама СК расследаваў звыш 30 крымінальных спраў па артыкуле «Акт тэрарызму». Частка з іх цяпер знаходзіцца ў следчых, частка накіраваная ў пракуратуру для разгляду ў судзе.

Памёр Уладзімір Макей. Ён быў міністрам замежных спраў Беларусі 10 гадоў

Памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Гэта адбылося 26 лістапада, паведаміў прэс-сакратар міністэрства Анатоль Глаз. Макею было 64 гады, ён займаў пасаду міністра са жніўня 2012 года.

Памерлы 26 лістапада міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей быў адным з самых вядомых, публічных і «доўгайграючых» чыноўнікаў у Беларусі эпохі Лукашэнкі. Ён быў архітэктарам некалькіх «лібералізацый», паспяхова выбудоўваў адносіны і з Захадам, і Расіяй, мімікрыраваў пад «апазіцыянера», але ў канцы ўсё роўна апынуўся кар’ерыстам і прыстасаванцам. Успамінаем самыя прыкметныя яго з’яўлення ў СМІ за апошнія 15 гадоў.

Уладзімір Макей. Фота: Аляксандр Крэжаў/ТАСС
Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024