Пантонны мост праз Нёман наводзяць ваенныя інжынеры. Ён будзе разлічаны на рух пешаходаў. Адкрыццё пантоннага моста плануюць на пятніцу, паведамляе «Гродно Плюс».

Абноўлена:

Працягласць пераправы складзе 112 метраў. Яна будзе складацца з 15 рачных і двух берагавых звёнаў.

Міністр абароны Віктар Хрэнін асабіста выпрабуе пераправу перад адкрыццём. Ён першым перасячэ Нёман па пантонным мосце разам з кіраўніцтвам рэгіёна, удакладняе Telegram-канал Гродзенскага аблвыканкама «Пул 4 Регион».

Пераправу будуе пантонны батальён 557-й інжынернай брыгады. Глыбіня ракі ў гэтым месцы складае 2 м у цэнтры, а ў іншых месцах у асноўным 30−50 см. Гэта абцяжарыць яе выстаўленне ў створах, расказалі на «Гродно Плюс». Хуткасць плыні ў цэнтры Нёмана тут складае 2−2,2 м/с.

Навошта спатрэбіўся пантонны мост?

Пантонная пераправа спатрэбілася, бо маставыя перакрыцці Новага моста вырашылі ўзмацняць праз ўзняцце пралётных збудаванняў на 50 см. Для гэтага неабходна перакрыць там рух пешаходаў. Працы па ўзмацненні перакрыццяў зоймуць каля 1,5−2 месяца, ці крыху больш, але тэрміны рамонту ад гэтага значна скароцяцца, распавёў тады старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Апошні раз пантонным мостам гродзенцы карысталіся ў 2007−2008 гадах, пры рэканструкцыі Старога моста.

Пакуль мост на Паповіча яшчэ адкрыты для пешаходаў, хоць на ім актыўна ідуць падрыхтоўчыя працы. На мінулым тыдні з боку цэнтра горада цалкам дэмантавалі слупы, парэнчы і ходнік. На самім мосце знялі асфальт, а будаўнікі пачалі свідраваць тэхналагічныя адтуліны.

Новы мост на вуліцы Паповіча цалкам закрылі для транспарту з 23 верасня. Пешаходны рух па мосце пакінулі, а на абодвух берагах Нёмана арганізавалі часовыя прыпынкі грамадскага транспарту. Ён даязджае да моста і разварочваецца.

Чытайце таксама: В Гродно отремонтируют еще три моста