Уладальнікі “гістарычнай” “Чабурэчнай” з Ажэшкі адкрылі новую ўстанову са старой канцэпцыяй. Яны захавалі рэцэпты тых-самых-чабурэкаў.

“Чабурэчную” на Ажэшкі справядліва можна было лічыць часткай гарадской гісторыі. Уладальнікі паспрабавалі паўтарыць атмасферу старога месца, піша NewGrodno. Установа адкрылася на той жа вуліцы, што і была, але ў іншым месцы. Новы адрас – Ажэшкі, 36, у арцы дома, дзе знаходзіцца крама абутку “Марка”. Назва тая ж, але абноўленая – «СНЕбуречная».

чебурек
Фота: newgrodno.by

У меню ёсць чабурэкі са свінінай, свінінай і ялавічынай, курыцай, сырам або бульбай з грыбамі. Чабурэк вагой 90 грам каштуе 3 рублі 20 капеек. Таксама тут рыхтуюць курыны булён, ёсць гарачыя і халодныя напоі. У планах – дадаць бліны і пельмені, выбар напояў таксама стане шырэйшым.

У памяшканні каля 15 пасадачных месцаў. Час працы – з 10:00 да 21:00 без выхадных, у пятніцу і суботу да 22:00.

Трансфармацыі “Чабурэчнай” у гісторыі

Культавая чабурэчная на Ажэшкі працавала з савецкіх часоў і закрылася толькі ў 2017 годзе. Да апошняга там захоўвалася атмасфера 90-х. Прычынай закрыцця сталі непаразуменні ўладальнікаў чабурэчнай (двух кампаньёнаў) з уладальнікам памяшкання, расказаў адзін з іх. Зараз на гэтым месцы працуе кафэ “Хотей” з сушы і піцай.

У Гродне адрадзілі тую самую "Чабурэчную" - з рэцэптамі, атмасферай і на той жа вуліцы
Так выглядаў уваход у старую “Чабурэчную”. Фота Hrodna.life

Чытайце таксама: Чабурэкі па-гродзенску: рэканструкцыя 90-х і турыстычная атракцыя бязвізавага Гродна

Крыху пазней свежыя чабурэкі па прынцыпе хатняй кухні пачалі гатаваць у новай “Чабуречнай” на Віленскай. С закрытай яе звязвала толькі назва і асноўная страва меню. Гэта было адзінае такое месца ў горадзе. Адна з уладальніц новай установы ў савецкія гады працавала ў вядомай чабурэчнай на Ажэшкі. Таму пасля закрыцця апошняй яна вырашыла адкрыць сваю падобную закусачную. 

Стары рэцэпт

Сакрэт чабурэкаў “па-гродзенску” быў у простым прэсным цесце без дрожджаў, яек і масла. Для яго патрэбныя толькі мука і малако.

Цеста мусіла быць тугім, для яго замесу выкарыстоўваюць цестамясільныя машыну. Максімальная закладка мукі на адзін замес – да 20 кілаграмаў, але звычайна яго гатавалі ўдвая меншымі порцыямі, каб было заўсёды свежым. Пасля замесу цеста вытрымлівалі 10 хвілін і раскочвалі ў тонкі ліст, таксама машынай.

Класічнае мясное начынне ў чабурэку — 40 грамаў мяснога фаршу з цыбуляй. З спецый дадаюцца толькі соль і чорны перац. Лепка – ручная.

Яшчэ адна асаблівасць чабурэкаў “па-гродненскі” была ў тым, што іх гатавалі без фрыцюру, проста абсмажваючы на чыгуннай патэльні з невялікай колькасцю алею.

Чытайце таксама: