Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб ліцэнзаванні». Ён прадугледжвае неабходнасць атрымання ліцэнзій усімі школамі і дзіцячымі садкамі, а таксама для дзейнасці, звязанай з чыгуначнымі перавозкамі. Замацоўваецца пераход на электроннае ліцэнзаванне праз стварэнне адзінага лічбавага рэестра ліцэнзій.
Нормы аб атрыманні ліцэнзіі дзяржаўнымі і прыватнымі дзіцячымі садамі і школамі ўступяць у сілу адразу пасля афіцыйнага апублікавання Закона, астатнія палажэнні - з 1 студзеня 2023 года.
Новы закон захоўвае асноўныя падыходы да ліцэнзавання, замацаваныя ва ўказе Лукашэнкі ад 1 верасня 2010 года № 450 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці», паведамляе яго прэс-служба.
Што рэгулюе новы закон
Закон рэгулюе ўсю сферу ліцэнзавання. Ён вызначае:
- ліцэнзуемыя віды дзейнасці,
- органы, якія выдаюць ліцэнзіі,
- патрабаванні, што прад’яўляюцца да шукальнікаў ліцэнзій і ліцэнзіятаў,
- парадак атрымання ліцэнзіі,
- парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні, якія з’яўляюцца падставай для спынення ліцэнзіі.
Дадаткова Закон прадугледжвае ліцэнзаванне дзейнасці ў галіне чыгуначнага транспарту для рэалізацыі абавязацельстваў Беларусі ў рамках ЕАЭС.
Кантроль школаў для фармавання ідэалогіі
«Адукацыйная дзейнасць патрабуе павышанага кантролю з боку дзяржавы, бо звязаная з фармаваннем здаровай, ідэалагічна устойлівай і рознабакова развітай асобы, — сказана ў паведамленні прэс-службы. — Ліцэнзаванне гэтай дзейнасці стане гарантам законнасці і якасці аказваемых паслуг, што дасць магчымасць ацаніць арганізацыю адукацыйнага працэсу і не дапусціць з’яўлення ў сферы адукацыі суб’ектаў гаспадарання, якія маюць выключна камерцыйныя мэты на шкоду дзяржаве і асобы».
Тэрміны звароту па ліцэнзіі будзе вызначаць Міністэрства адукацыі ў адпаведнасці з зацвярджаюцца ім графікам. Ліцэнзаваннем будуць займацца гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённыя выканаўчыя камітэты.
«Прыняцце Закона дасць магчымасць знізіць адміністрацыйную нагрузку на суб’екты гаспадарання, забяспечыць неабходнасць атрымання ліцэнзіі толькі для ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, патэнцыйна спалучанай з пагрозамі прычынення шкоды дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, правам і законным інтарэсам грамадзян», — удакладняе прэс-служба.
Да гэтых змяненняў усе беларускія школы, і дзяржаўныя, і прыватныя, павінны былі праходзіць атэстацыю і атрымліваць сертыфікат гатоўнасці.
Адзіную прыватную школу ў Гродне закрылі
З 3 кастрычніка ў Гродне прыпынілі дзейнасць адзінай у горадзе прыватнай школы «Тэрыторыя поспеху». «Спадзяюся, што разбяруцца з сітуацыяй і дазволяць працаваць школам, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць з улікам патрабаванняў заканадаўства РБ, што прад’яўляюцца да ажыццяўлення адукацыйнага працэсу», — сказала дырэктарка школы Таццяна Доўгун.
«Тэрыторыя поспеху» працуе ў Гродне з 2021 года. Там было 50 вучняў, у класах да 10 чалавек. Школа размяшчалася на вуліцы Лермантава ў гістарычным будынку былой дапаможнай школы, адкрытым пасля рэканструкцыі. Туды ўстанова пераехала з Азёрскай шашы пасля пашырэння.
Зачыстка ў сферы прыватнай адукацыі
Раней стала вядома, што ў Мінску прыпыняюць працу многіх прыватных школ. На 16 верасня змаглі атрымаць сертыфікат гатоўнасці толькі 14 школ з 35. На 4 кастрычніка мелі права на навучанне толькі шэсць прыватных школ і садоў, а 12 кастрычніка стала вядома аб пазовах на прыпыненне працы чатырох прыватных школаў па заявах органаў кантролю.
Праверкі пачаліся пасля здарэння ў адной з прыватных школ: вучань стрэліў з пнеўматыкі ў твар сваёй аднакласніцы. На дырэктара школы завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 424 КК (Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). Аднаго з настаўнікаў затрымалі нібыта за каментар у адрас сілавікоў і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў, што «трэба зачысціць ўсе да немагчымасці ў сістэме адукацыі».
Чытайце таксама: