Гродзенцы прыходзяць у міліцыю «здавацца», сцвярджаюць сілавікі. Да палітвязня Паўла Мажэйка не пусцілі следчага. Супрацоўнік РАУС Андрэй Пігульскі, які выступаў сведкам на судах па адміністрацыйных працэсах, атрымаў павышэнне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 10 па 16 кастрычніка.

Затрыманні

Затрыманне ў Лідзе. Лідчанін затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) і распаўсюджванне свастыкі (арт. 19.10 КаАП). Хлопец раней судзімы па арт. 205 КК «Крадзеж» і арт.208 КК «Вымагальніцтва».

Затрыманне ў Гродне. Жыхара Гродзенскага раёна Максіма Саўко затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога» і за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. 14 кастрычніка фэйкавую інфармацыю аб запуску плана «Перамога» запусціў Telegram-канал, які стварылі сілавікі. Пасля гэтага адбылося некалькі затрыманняў.

Гродзенцы прыходзяць у міліцыю «здавацца»

Сілавікі сцвярджаюць, што адзін гродзенец убачыў свае звесткі ў Telegram-канале «Поступи по совести», які дэананімізуе ўдзельнікаў пратэсту, і прыйшоў у міліцыю. З мужчынам запісалі відэа. Ён сказаў, што з ім правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі.

Яшчэ адзін гродзенец пакаяўся міліцыі за каментары і сказаў, што «быў дэбілам», а «Ціханоўская апынулася той яшчэ мадам». Ён паведаміў, што выдаляў усе групы, у якіх быў і хоча выдаліць пакінутыя каментары.

Мітынг супраць «агрэсіўнай палітыкі Польшчы»

Насупраць консульства Польшчы на вуліцы Будзёнага прайшоў мітынг прафсаюзаў супраць «агрэсіўнай палітыкі Польшчы».

«Мы хочам усе ў незалежнай Беларусі жыць у міры і згодзе і паважаць у тым ліку грамадзян Рэспублікі Польшча і палякаў!!! Вы ж звычайныя людзі, у вас таксама ёсць дзеці!!!», — сказала намесніца старшыні абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца.

Жыхара Астраўца асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады

У судзе Астравецкага раёна вынеслі прысуд Палянскаму Максіму паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Суддзя Дзмітрый Багдановіч прысудзіў абвінавачанаму два гады «хіміі», паведамляе «Вясна».

Максіма абвінавацілі ў абразе намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Хазалбека Атабекава. Мужчына пакінуў каментар: «М*дак выключны, ведаю яго непасрэдна, лёс склаўся так, што давялося сутыкнуцца з ім, калі ён быў камбрыгам 3214…».

Гэтым выразам ён «нанёс шкоду гонару і годнасці супрацоўніка Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, нанёс шкоду аўтарытэту названага супрацоўніка ў вачах навакольных, падарваў прэстыж кіраўніцкай дзейнасці ў дзяржаве».

Праўладная актывістка абвінаваціла білборд з рэкламай навушнікаў у прапагандзе ЛГБТ. Назаўтра яго замянілі на патрыятычныя банеры

Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава знайшла новую мэта для атакі — білборд з рэкламай навушнікаў ў цэнтры Мінска. Яна чамусьці назвала намаляваную на плакаце мадэль «трансгендэрам» і ўгледзела ў яе знешнасці «прапаганду ЛГБТ».

Праз суткі пасля скаргі ў «кампетэнтныя органы» білборд знік: яго змяніла сацыяльная рэклама, заўважыла Z**kalo.

Новыя палітвязні ў Гродзенскай вобласці

  • Аляксандр Шурхаеў з Гродна, асуджаны паводле арт. 368, 369, 391 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Дзмітрый Янушкевіч з Гродна, асуджаны па арт. 370 за здзек з дзяржаўных сімвалаў і па ч. 1 арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Жанна Чарняўская, асуджаная па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, накіравана для адбывання пакарання.

Супрацоўнік РАУС Андрэй Пігульскі, які выступаў сведкам на судах па адміністрацыйных працэсах, атрымаў павышэнне

Андрэй Пігульскі быў намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Цяпер ён — начальнік ААПП АУС адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна.

У прыватнасці, Пігульскі фігураваў у адміністрацыйных справах інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life у 2021 годзе, працэсе Сяргея Калмыкова, затрыманага з Ціханоўскім у траўні 2020 года, працаваў з затрыманымі на акцыях пратэсту.

Андрей Пигульский. Фото: Гродненская правда
Андрэй Пігульскі. Фота: Гродзенская праўда

Гродзенца асудзілі на тры гады калоніі за публікацыі ў «Одноклассниках»

42-гадовага гродзенца К. судзілі за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі, паклёп на ягоны адрас і здзек з дзяржсімволікі (ч.1 арт. 368, ч. 2 арт. 367 і арт. 370). Верагодна, гэта Павел Клапаток, якога пачалі судзіць 6 кастрычніка.

  • Абвінавачаны са снежня 2020 года па чэрвень 2022 года на старонцы ў «Одноклассниках» размясціў публікацыі з выявамі Лукашэнкі, у якіх прынізіў яго гонар і годнасць.
  • Ён жа ў снежні 2020 года размясціў выяву са спалучэннем чырвонага фону і свастыкі зялёнага колеру з арнаментам, чым здзекаваўся са сцяга РБ.
  • Акрамя таго, у студзені 2021 года ён размясціў абразу з выявамі Лукашэнкі, у тэкстах якіх абвінавачваў яго ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

У судзе Ленінскага раёна Гродна яго асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Тэлефон мужчыны канфіскавалі.

80 беларусаў ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў»

З Гродзенскай вобласці туды 14 кастрычніка ўнеслі Андрэя Кандратовіча. Ён адбывае пакаранне па «справе Зельцара».

Бондаравай не спадабалася кніга пра сэксуальную асвету «У тебя мужское достоинство». Яе прыбралі з продажу

На кнігу ў кнігарні «Праметэй» звярнула ўвагу праўладная актывістка Вольга Бондарава. Пасля яе звароту кнігу прыбралі.

«Гэта кніга для ўсіх уладальнікаў члена. Гаворка ў ёй ідзе аб тваім целе, аб тым, што з ім адбываецца, і аб такіх жыццёвых рэчах, як, напрыклад, мыццё ў душы побач з хлопцам, у якога пеніс прыкметна большы за твой», — апісваюць кнігу.

«Гэта значыць, кожны малы можа прачытаць і пра сэкс з бананам, і без банана, і пра мастурбацыю, і пра сэкс без эякуляцыі — увогуле, стаць глыбокім прафесіяналам у галіне сэксу, каб потым пайсці практыкаваць тэарэтычныя веды з першым педафілам, які трапіў», — робіць выснову Вольга.

Цяпер Вольга змагаецца з гэтай кнігай у Мінску. А таксама — з іншымі кнігамі, якія «праслаўляюць ЛГБТ» і «разбэшчваюць непаўналетніх».

Палітвязню перадалі прэсу

Палітвязень Дзяніс Івашын атрымаў усю прэсу, якая не даходзіла яму са жніўня. Гэта адбылося пасля таго, як блізкія вырашылі разабрацца ў сітуацыі. Па словах работнікаў турмы, у замінцы вінаватая «Белпошта».

Да палітвязня Паўла Мажэйка не пусцілі следчага

11 кастрычніка да Паўла Мажэйкі адміністрацыя гродзенскай турмы не пусціла следчага. Нібыта не было вольнага кабінета і незанятых канваіраў, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».

Павел Можейко весной 2021 года - после выхода на свободу спустя 72 часа задержания. Фото: Hrodna.life
Павел Мажэйка вясной 2021 года — пасля выхаду на волю праз 72 гадзіны затрымання. Фота: Hrodna.life

Гродзенца асудзілі да 2,5 гадоў «хіміі» за ўдзел у «Маршы адзінства»

26-гадовага Андрэя Лагуна прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 КК «Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» за ўдзел у маршы 6 верасня 2020 года. Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі, паведамляе «Вясна».

Падчас ператрусу ў Андрэя знайшлі некалькі неадпраўленых лістоў палітвязням. Хлопец растлумачыў, што хацеў напісаць палітвязню Максіму Знаку, але ліст так і не адправіў. Пракурор Ганна Каралько ўдакладніла, дзеля чаго ён хацеў адправіць гэтыя лісты. Андрэй сказаў, каб «проста падбадзёрыць».

Андрей Лагун. Фото: "Вясна"
Андрэй Лагун. Фота: «Вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Telegram-канал «Инфо_Удар» прызналі экстрэмісцкім па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 6 кастрычніка 2022 года.

Гродзенец загінуў на вайне ва Украіне. Раней яго выгналі з ГрДУ за палітыку

Студэнт з Гродна загінуў ва Украіне 11 кастрычніка 2022 года. Міхаілу Шавельскаму быў 21 год, ён навучаўся ў Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Польшчы.

Загінулы тры гады навучаўся на псіхолага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Таксама быў вернікам гродзенскай Лютэранскай царквы, дапамагаў святару Уладзіміру Татарнікаву. Міхаіла адлічылі па палітычных матывах у 2021 годзе. Каб не патрапіць у беларускае войска, ён з’ехаў у Польшчу. Там ён паступіў ў Хрысціянскую тэалагічную акадэмію на евангельскае (лютэранскае) багаслоўе.

Михаил Шавельский. Источник: luteranie.pl
Михаил Шавельский. Источник: luteranie.pl

У Гродне і Ваўкавыску распачалі крымінальныя справы за павышэнне цэнаў на 1,7 рублі

У Гродзенскай вобласці распачалі дзве крымінальныя справы за павышэнне цэнаў на прадукты. Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) убачыў беспадстаўнае павышэнне цэнаў у дзвюх крамах Гродна і Ваўкавыска.

КДК выявіў павышэнне цэнаў не менш чым на 30 пазіцый тавараў. Сярод іх каўбасныя вырабы, мясныя кансервы і марожанае. Цану павялічылі з 6 па 8 кастрычніка. Павышэнне на асобныя тавары дасягнула 1,7 рублёў.

«Гродна Азот» закупляе мабільныя тэлефоны. Верагодна, супрацоўнікам забароняць карыстацца сваімі смартфонамі

На прадпрыемстве закупяць мабільныя тэлефоны і відэарэгістратары. Удакладняюць выбар мадэляў тэлефонаў і мабільнага аператара, паведаміў начальнік цэха сувязі Аляксандр Бакей. Таксама на прадпрыемстве прадумваюць, як арганізаваць захоўванне асабістых тэлефонаў. У распрацоўцы дакументы, якія рэгулююць парадак выкарыстання і адказнасць за захаванасць прылад, якія прадаставіць прадпрыемства.

Гродзенскі тэлеканал пакараў свайго інжынера з-за Юрыя Дудзя. У Гомелі за тое ж звольнілі супрацоўнікаў радыё

Тэлеканал «Гродна Плюс» пакараў свайго інжынера відэамантажа. Прычына — той пусціў у эфір архіўны запіс «Асоба дня» ад 2019 года, у якім узгадалі журналіста Юрыя Дудзя.

На думку «Гродна Плюс», падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала. Таму рэдакцыя папрасіла прабачэння перад сваімі гледачамі, «каго магла абразіць дадзеная інфармацыя».

Юрий Дудь. Источник: YouTube
Юры Дудзь. Крыніца: YouTube

Мінінфарм заблакаваў яшчэ адзін гродзенскі сайт

На тэрыторыі Беларусі 11 кастрычніка перастаў адкрывацца гродзенскі блог s13.ru. Доступ абмежавала Міністэрства інфармацыі Беларусі. Зараз на сайт можна патрапіць толькі праз VPN, сказалі Hrodna.life ў рэдакцыі s13.ru.