Абвінавачваную па «справе Аўтуховіча» Вольгу Маёраву аднеслі да грамадзянаў, не занятыя ў эканоміцы. Адпаведны ліст прыйшоў ад Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска і трапіў у распараджэнне рэдакцыі Hrodna.life. Са студзеня 2021 года Вольга знаходзіцца ў зняволенні.
Ліст прыйшоў за подпісам намесніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Андрэя Мацкевіча. Вользе прапанавалі падаць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць у эканоміцы, праз электронную пошту альбо па адрасе адміністрацыі. Таксама ёй параілі звярнуцца ва ўпраўленне занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама.
Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 31 сакавіка 2018 г. № 239, занятымі ў эканоміцы ў тым ліку лічацца грамадзяне, якія адбываюць пакаранне па прыгаворы суда ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі або пажыццёвага зняволення, у дачыненні да якіх прымяняецца мера
стрымання ў выглядзе хатняга арышту альбо заключэння пад варту, а таксама якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.
Вольга Маёрава — грамадская актывістка, раней — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, паведамляе «Вясна». Была затрыманая ўвечары 4 студзеня 2021 у сваім доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па «справе Аўтуховіча». У лютым 2021 года КДБ унёс палітвязню ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У зняволенні ў Вольгі з’явілася падазрэнне на дыябет.
Паводле абвінавачання, Маёрава нібыта збірала, абагульняла і публікавала інфармацыю, якая спрыяла дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне, росту незадаволенасці і пратэстных настрояў. Яе вінавацяць па пяці артыкулах КК. Віну яна не прызнала.