У Лідскім раёне расце колькасць хворых на каронавірус, распавяла прадстаўніца Лідскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Рост хворых склаў прыкладна 50%.

«З сярэдзіны жніўня, як і па ўсёй нашай рэспубліцы, рэгіструецца рост захворвання COVID-19», — расказала загадчыца аддзялення эпідэміялогіі Лідскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Сушчэўская ў эфіры ТБ-Ліда. У асноўным рэгіструюцца лёгкія і среднетяжелые формы захворванняў. Аддзяленні Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы ўжо пачалі перапрафіляваць для прыёму хворых на COVID-19.

Толькі за мінулы тыдзень дыягназ «каранавірусная інфекцыя» быў пацверджаны ў 95 выпадках. Сярод тых, хто захварэў, у асноўным людзі ва ўзросце ад 40 да 70 гадоў. На дзяцей прыпадае ўсяго 5% заражаных.

Гродзенскія медыкі таксама адзначаюць рост вострых рэспіраторных інфекцый і каранавіруса, паведамілі на «Гродна Плюс». У медустановах ужо ўвялі масачны рэжым, гродзенцам раяць прытрымлівацца яго і ў месцах масавага збору людзей. У бальніцах і паліклініках рэгіёну ўжо падзяляюць патокі пацыентаў і тэстуюць іх на COVID-19 перад шпіталізацыяй.

Масачны рэжым вярнулі і ў медустановах іншых рэгіёнаў Беларусі. З 5 верасня — у Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў сувязі з частай колькасцю інфекцыйных захворванняў, піша SlutskGorod. Наведванне паліклінікі магчыма толькі ў масцы, а стацыянара — толькі з дазволу загадчыка. У бальніцы вылучаная «чырвоная зона». Аб росце колькасці хворых на каранавірус і шпіталізаваных паведамілі у канцы жніўня і ў Брэсце.

Дыягназ зноў будуць ставіць без тэстаў, статыстыкі не пабачым

Урачам агульнай практыкі, тэрапеўтам і педыятрам зноў дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без ПЦР-тэставання і рэнтгена. Рашэнне замацавана загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня № 1124. Такой тактыкі ўжо прытрымліваліся ў лютым 2022 года, каб разгрузіць ўстановы аховы здароўя.

Статыстыку па краіне Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць з пачатку траўня 2022 года. Тады яе паабяцалі абнаўляць раз на месяц. Тым не менш апошнія звесткі аб колькасці тых, хто захварэў і ачуняў, у афіцыйным канале Міністэрства аховы здароўя апублікавалі 5 ліпеня. Дакладную статыстыку па рэгіёнах не раскрывалі і раней.

Новы штам «ніндзя» ўжо ў Беларусі

Месяц таму, 9 жніўня, Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра выяўленне ў Беларусі новага штаму каранавіруса, так званага «амікрон-ніндзя». «Можам казаць аб пачатку цыркуляцыі дадзенага штаму», — адзначылі ў ведамстве. Паводле папярэдніх дадзеных, ён мае ў параўнанні з іншымі варыянтамі «амікрона» вялікую трансмісіўнасць (больш заразны) і лепш абмінае антыцелы.

Як ідзе вакцынацыя

Галоўнай прафілактыкай каранавіруснай інфекцыі медыкі ўсё ж лічаць вакцынацыю. Поўны курс вакцынацыі прайшлі 70,4% насельніцтва, рэвакцынацыі - 48,5% ад тых, хто завяршыў поўны курс, расказала ўрач-тэрапеўт аддзялення прафілактыкі цэнтральнай паліклінікі Гродна Наталля Паўлюкевіч. У асноўным у якасці вакцын выкарыстоўваюць «Спутник Лайт» і «ГамКовидВак». Цяжарных жанчын, дзяцей і пацыентаў з супрацьпаказаннямі да расійскіх вакцын прышчапляюць кітайскім «VeroCell». Таксама медыкі раяць прытрымлівацца масачнага рэжыму ў грамадскіх месцах і пазбягаць масавых збораў людзей у памяшканнях.

Чытайце таксама: В Беларуси появилась новая вакцина от коронавируса… с Кубы