Некаторыя гродзенскія пляжы да наступнага купальнага сезона плануюць павялічваць. Так, Цэнтральны пляж на Нёмане стане амаль удвая даўжэйшым. Не выключана і з’яўленне новых купальных месцаў.

ТРВОД ужо вядзе перамовы з ЖКГ на гэтую тэму, расказаў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі таварыства ратавання на водах Сяргей Вінаградаў у эфіры «Гродна Плюс». Ёсць магчымасць павялічыць Цэнтральны пляж па адрасе Маставая, 56. Цяпер яго працягласць — 75 метраў. Пляж плануюць пашырыць да 150 метраў.

Магчыма, з’явяцца і новыя абсталяваныя месцы для адпачынку, але дзе, пакуль невядома.

Сёлета абсталяваныя пляжы будуць даступныя для купання да 30 верасня. Да пачатку кастрычніка ратаўнікі пачнуць дэмантаваць дзіцячыя купальні і прыбіраць абазначэнні да наступнага сезону.

У Беларусі афіцыйна купацца можна толькі ў дазволеных месцах, дзе дзяжураць ратавальнікі. Інакш можна атрымаць штраф ад адной да трох базавых велічынь (ад 32 да 96 рублёў) па арт.24.43 КаАП. У Гродне дазволеных пляжаў усяго чатыры: Цэнтральны пляж, пляж «Вусікі» ў Пышках, пляжы ва ўрочышчы Ласосна і на возеры Юбілейнае. Таксама на Нёмане можна купацца на пляжы базы адпачынку «Прывал», але каб патрапіць туды, трэба арандаваць альтанку альбо спартыўную пляцоўку. Акрамя наяўнасці ратавальнікаў важна, каб вадаём не быў закрыты санстанцыяй. Сачыць за тым, не даступныя для купання пляжы, можна на сайце Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Чытайце таксама: