“Колькі ўжо гэта доўжыцца? Можа, я ўжо скончыў?” – нечакана спытаў падчас выступу Яўген Кучмейна. Гродзенскія музычныя праекты Tochka K і “Opus Magnum” 20 жніўня выступілі ў бары Podval. Карэспандэнт Hrodna.life засняў гэта.

Opus Magnum – праект Арцёма Пузыні. Ён пачаў яго ў 2010 годзе. У 2022 годзе музыка выпусціў альбом. Сваю творчасць ён вызначае як “гітарную філасофію”.

Музыка сыграў на гітары шэраг інструментальных песень. Адну з кампазіцый Арцём прысвяціў сыходзячаму лету. “Уявіце, што вы толькі прачнуліся, яшчэ не наступіла спякота, і вы адчуваеце водар раніцы”, – прапанаваў музыка.

Пад назвай Tochka K выступае Яўген Кучмейна. З 14 гадоў ён піша музыку і выступае ў жанры acoustic rock/contemporary/neo psychedelic folk/trip grunge. Яўген – пераможца конкурсу маладых выканаўцаў “Басовішча” ў 2016 годзе. Творчасць Яўгена высока ацэньваюць эксперты і называюць яго “музычным шаманам”.

Некаторыя з дзясяткаў слухачоў ведалі песні Tochka K на памяць, падпявалі і заказвалі кампазіцыі “на біс”. Даўнія прыхільнікі маглі пачуць як новыя песні, так і тыя, з якіх любоў да артыста і пачалася.

Пасля выступу “на біс” тых, хто прыйшоў, чакалі напоі і выступленні дыджэяў.

Дарэчы, аб сучаснай гродзенскай музыцы рэдакцыя расказвала: тут можна знайсці у тым ліку апошнія запісы выступоўцаў музыкаў.