Гандлёва-забаўляльны комплекс TRINITI з 15 жніўня запусціў бясплатны аўтобус. Ён будзе курсаваць з панядзелка па пятніцу ад TRINITI ў кірунку Фолюша і па коле вяртацца да стартавага прыпынку. Пра гэта Hrodna.life расказала маркетолаг цэнтра Алеся Матвеёнак. 

Да TRINITI зараз можна даехаць дармова. Але толькі ўвечары
Гандлёва-забаўляльны цэнтр “TRINITI”. Ілюстрацыйнае фота

Па якім маршруце будзе ездзіць аўтобус

Перавозку арганізаваў Гродзенскі аўтобусны парк. Аўтобус будзе адпраўляцца ад прыпынка TRINITI у 18:15, 19:15, 20:15, 21:15 і 22:15. 

Ён будзе рухацца па маршруце: TRINITI – Белкард – вул. Савецкіх пагранічнікаў – вул. Паповіча – вул. Чайкінай – вул. Соламавай – Гроднажылбуд – ГАП-1 – вул. Маслакова – Хімвалакно – TRINITI.

Да TRINITI зараз можна даехаць дармова. Але толькі ўвечары
Мапа маршрута бясплатнага аўтобуса.

Пакуль бясплатны аўтобус пробны і адносіцца да катэгорыі “заказны”. Адміністрацыя горада і гандлёва-забаўляльнага комплекса вывучаюць запатрабаванасць гэтага накірунку.

Таксама кіраўніцтва TRINITI сумесна з гарадскімі чыноўнікамі плануюць скарэктаваць маршрут тралейбуса №6, каб можна было камфортна даязджаць да ГЗК з мікрараёна Каўбасіно.

Які бясплатны транспарт быў у Гродне раней

У 2009 годзе гіпермаркет “Алмі” на праспекце Касманаўтаў [сёння там гандлёвы цэнтр “Карона” – Hrodna.life] арганізаваў для пакупнікоў чатыры бясплатных маршруткі па выхадных. Яны ездзілі на Вішнявец, Белыя Росы, Фолюш і Фарты.

У 2016 годзе Гандлёвы цэнтр “OldCity” пусціў па горадзе аўтобус, які ў выхадныя дні з 12:00 па 20:00 вазіў бясплатна пасажыраў “OldCity”.