Гродзенскі гісторык Аляксандр Перагудаў адшукаў яшчэ адзін асобнік гравюры Цюнта. Гэта ўжо 13-ы, «а дакладней 12-ы з паловай» асобнік: правая палова раней невядомай копіі адсутнічае, паведаміла выдавецтва Imago у сваім Facebook.
Дзе знайшлі гравюру
Палову гравюры знайшлі ў Польшчы. Яна паходзіць з радзівілаўскай калекцыі мап і гравюр з палаца ў Нябораве.
«Знаходка стала мажлівай дзякуючы сістэматычнаму пошуку па лічбавых бібліятэках і калекцыях музеяў, аналізу кнігазбораў і мастацкіх калекцый розных краін. Вядома, вялікую справу робіць інтэрнэт і дыгіталізацыя [адлічбоўка — Hrodna.life] скарбаў, аднак часам гэта і проста поспех», — сказаў Hrodna.life гісторык Аляксандр Перагудаў.
Па словах Аляксандра, ён выпадкова натыкнуўся на стары шляхаводнік. У ім была ўзгадка гэтай гравюры. Тады гісторык пачаў шукаць кантакты музею і перапісвацца з яго супрацоўнікамі. Яны пацвердзілі наяўнасць медзярыта (гравюры на медзі), а таксама даслалі Аляксандру здымак.
Гравюр Цюнта болей, чым меркавалася раней
Асобнік адносяць да другога, пазнейшага накладу, бо ён не мае тлумачальных подпісаў у картушах. На думку выдавецтва Imago, магчыма, што на той час маленькія плыткі з тэкстамі ўжо былі згублены. Але гравюра мела попыт з-за высокай мастацкай якасці.
«Знаходка сведчыць, што гравюр Цюнта з панарамай Гродна болей, чым меркавалася раней. За мінулыя чатыры гады было знойдзена мінімум чатыры новыя месцы захоўвання гравюры, аднак у Гродне ці Беларусі яе дагутэль няма», - сказаў Аляксандр Перагудаў.
Сёння вядома пра 13 захаваных асобнікаў гэтай гравюры. «Яна [гравюра — Hrodna.life], як і раней, застаецца надзвычай рэдкай і каштоўнай, аднак мы можам казаць аб мінімальна задавальняючай колькасці дайшоўшых да нас гравюр».
Знойденая гравюра Цюнта — ужо пятая, якая захоўваецца ў Польшчы.
Чаму даследчыкі кажуць пра два наклады гравюры
«Медзярыт пакідае шмат пытанняў без адказу. Вядома, напрыклад, аб двух варыяцыях гравюры, якія адрозніваюцца мовай подпісаў - нямецкай альбо лацінскай. Ёсць некалькі асобнікаў са зменамі на малюнку, значыць нехта пазней падпраўляў медную пліту, таму даследчыкі кажуць пра два наклады гравюры», — сказаў Аляксандр Перагудаў.
На думку гісторыка, гравюра мела вялікі попыт, таму яе друкавалі зноў і зноў, нават калі таблічкі з тэкстам ўжо згубіліся. «Але дакладнай версіі, чаму так атрымалася, мы не маем. Звычайна гравюру друкавалі, пакуль меўся попыт, а медная пліта фізічна дазваляла гэта. Гэта ад 150−200 да 500−1000 адбіткаў. Добра, калі за 450 год да нас дайшло 10−15% накладу. Гравюра мае вялікі памер, а гэта ўскладняе яе захоўванне».
Аляксандр спадзяецца, што гэта не апошняя знаходка і гравюру атрымаецца завезці ў горад, які на ёй адлюстраваны.
Калі друкавалі гравюру
Панарама Гродна Ганса Адэльгаўзера і Маціаса Цюнта была ўпершыню надрукавана ў Нюрнбергу ў 1568 годзе.
23 ліпеня 1567 года Жыгімонт Аўгуст прыняў у Гродне маскоўскае, турэцкае, і малдаўскае пасольства. Паводле гэтых падзей, мастак Адэльгаўзер зрабіў ілюстрацыю. У 1568 годзе была выдадзена гравюра, якую зрабіў нюрнбергскі гравер Маціас Цюнт. Гэта першая праўдзівая выява беларускага горада: на гравюры ёсць Фара Вітаўта, Стары Замак, Каложа і іншыя сакральныя гродзенскія аб’екты — такія, якімі яны былі.
У 2008 годзе гравюру выставілі на аўкцыён у Варшаве. На таргі паехаў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. Пачатковая цана за гравюру была 40 тыс. злотых. Падчас таргоў цана вырасла да 95 тыс. злотых. У беларускіх улад не хапіла грошай, каб выкупіць лот, бо быў грашовы ліміт. Таму гравюра дасюль застаецца ў Польшчы.
Чытайце таксама: