На сайце “Удобный город” (Petitions.by) з’явілася петыцыя аб колеры грамадскага транспарту. Аўтары хочуць, каб яму вярнулі ранейшую яркую жоўта-сінюю афарбоўку.

31 жніўня з’явіўся адказ за подпісам першага намесніка старшыні гарвыканкама Андрэя Жука. Паводле яго, работа па аднаўленні лакафарбавых пакрыццяў праводзіцца ў сувязі з неабходнасцю абнаўлення афарбоўкі кузаваў тралейбусаў і аўтобусаў, у тым ліку ў сувязі са здыманнем вонкавай рэкламы. Адзін колер – сіні – абраны “у мэтах эканоміі сродкаў” і як “найбольш практычны для эксплуатацыі рухомага складу”. “У цяперашні час на гарадскіх маршрутах курсуюць аўтобусы і тралейбусы розных колераў, а таксама брэндзіраваныя”, – адзначыў ён.

“Афарбоўка транспартных сродкаў ніяк не ўплывае на якасць паслуг, якія прадстаўляюцца”, – падкрэсліў Андрэй Жук у адказе.

Петыцыя за вяртанне сіне-жоўтай афарбоўкі

“Патрабуем вярнуць яркую афарбоўку гарадскога транспарту, якая была у мінулым – жоўта-сіні колер герба і сцяга горада Гродна”, – сказана ў звароце. Ён адрасаваны Гродзенскаму гарвыканкаму. Калі вярнуць колеры будзе немагчымым, уладам прапануюць падумаць аб замене “існуючай сіняй сумнай афарбоўкі на больш яркую, напрыклад, жоўтую”.

Аўтары петыцыі – “жыхары Гродна і іншыя зацікаўленыя грамадзяне”, – спасылаюцца на арт. 41 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь». Яна вызначае, што выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, ствараюць умовы для прадастаўлення транспартных паслуг насельніцтву і арганізуюць транспартнае абслугоўванне грамадзян на адпаведнай тэрыторыі.

Куды зніклі колеры

Грамадскі транспарт у Гродне фарбавалі ў колеры герба і сцяга горада з 2011 года. Раней у жоўта-сіні фарбавалі ўсё абноўленыя тралейбусы ў Гродна. Пра гэта ўзгадвалася ў раздзеле пытанняў і адказаў на сайце Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення.

Гродзенцы просяць вярнуць тралейбусам жоўта-сінія колеры (абноўлена)
Гродзенскі тралейбус. Фота: Аляксей Наседкін

У траўні 2022 года ў СМІ з’явілася інфармацыя, што тралейбусы пачалі перафарбоўваць у сіні нібыта паводле распараджэння гарадскіх чыноўнікаў. На той момант у тралейбусным парку было 20 сіне-жоўтых тралейбусаў. Паводле інфармацыі крыніц, чыноўнікі асцерагаліся, што жоўта-сіні транспарт выкліча ў кагосьці асацыяцыю з Украінай і вайной там. Паведамлялі пра аналагічнае распараджэнне ў Аўтобусным парку. Кіраўніцтва тралейбуснага ўпраўлення тады абвяргала такую інфармацыю, распавялі чытачы Hrodna.life.

Чытайце таксама: В Гродно меняют расписание транспорта. Что еще стоит изменить, чтобы им было удобнее пользоваться