Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко сышоў у адстаўку. Прычынай стала дасягненне гранічна дапушчальнага для працы на дзяржслужбе ўзросту, паведаміў Telegram-канал “Пул Первого”. Тым не менш Дзяшко застанецца працаваць у будаўнічай галіне. Ён 13 гадоў кіраваў “Гроднапрамбудам”, 9 гадоў – “Гроднаграмадзянпраектам”, два гады быў намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва, а апошнія 11 гадоў адказваў за ўсё будаўніцтва ў Гродзенскай вобласці.
Уладзімір Дзяшко працягне ўдзельнічаць у рэалізацыі найбольш значных будаўнічых праектаў у Гродзенскім рэгіёне. Яго новую пасаду пакуль не называюць. Таксама пакуль невядома, хто зойме яго месца ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце.
Старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік уручыў Дзяшко ганаровую грамату за яго працу ў органах дзяржаўнага кіравання і высокі прафесіяналізм.
Уладзімір Дзяшко кіраваў будаўнічым комплексам Гродзенскай вобласці, у тым ліку вытворчасцю будматэрыялаў. Таксама ён адказваў за будаўніцтва і рэканструкцыю дарог, пытанні сувязі і інфарматызацыі, транспарту і камунікацыі, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі, за перапрацоўку другаснай сыравіны і нават за надзвычайныя сітуацыі. Дзяшко каардынаваў дзейнасць арганізацый адпаведных міністэрстваў і ведамстваў.
Уладзімір Дзяшко лічыў Польшчу другім па значнасці знешнегандлёвым партнёрам Гродзенскай вобласці.
Кіраваў “Гроднапрамбудам” і Грамадзянпраектам, быў намеснікам міністра архітэктуры
Уладзімір Дзяшко нарадзіўся 2 ліпеня 1957 года ў вёсцы Наваселле Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. З 1979 года працаваў майстрам будаўнічага ўпраўлення, прарабам, а пасля галоўным інжынерам “Гроднапрамбуда”.
З 1987 па 2000 год Дзяшко быў дырэктарам ААТ “Гроднапрамбуд”. З 2000 па 2002 год – намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.
У 2002-2011 гадах Уладзімір Дзяшко працаваў дырэктарам Інстытута “Гроднаграмадзянпраект”. Пад яго кіраўніцтвам арганізацыя атрымлівала дыпломы і прызы на міжнародных конкурсах, рэалізавала многія значныя праекты. Сярод іх – рэканструкцыя Старога моста ў Гродне, будаўніцтва энергазберагальнага “разумнага дома”, аб’язной магістралі, новага корпуса кардыялагічнага дыспансера, рэканструкцыі кінатэатра “Гродна” і былога Дома культуры будаўнікоў, будынка дзіцячай абласной бальніцы, рэканструкцыя спартыўнага комплексу “Нёман”. Жылы комплекс для вайскоўцаў у Росі атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі, сярэбраны медаль Сусветнага трыенале архітэктуры ў Балгарыі і трапіў у энцыклапедыю архітэктурных твораў сусветнага дойлідства ХХ стагоддзя.
Са снежня 2011 года Дзяшко стаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Уладзімір Дзяшко – ганаровы будаўнік Рэспублікі Беларусь і ганаровы грамадзянін Гродна. Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2015), медалём “За працоўныя заслугі” (2015).
Чытайце таксама: Объездная магистраль вокруг Гродно определит развитие города на 50 лет




