У Германіі адмовілі ў статусе ўцекача актывісту з Гродна Станіславу Цыбінскаму. Прычына — вялікі тэрмін, які ён раней адбыў у Беларусі за цяжкае злачынства. Цяпер яму трэба пакінуць Германію цягам двух тыдняў, паведаміла «Еўра…ё».
«Адмовілі, таму што ў Беларусі ў мяне быў тэрмін за цяжкае злачынства. Вярнуцца ва Украіну я не магу — не ўпусцяць. Вярнуцца ў Беларусь таксама не магу. Куды ехаць цяпер, я не ведаю», — сказаў Цыбінскі «Еўра…ё».
Хто такі Станіслаў Цыбінскі
Станіслаў Цыбінскі — актывіст, валанцёр праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая займаецца абаронай правоў зняволеных і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Арганізаваў супольнасць «Рука дапамогі і падтрымкі».
У 2017 годзе выйшаў на волю пасля 15 гадоў зняволення за забойства. З тых часоў дапамагаў іншым асуджаным: купляў прадукты, сродкі гігіены, адзення і тэлефоны, знаходзіў жыллё і ўладкоўваў на працу. Толькі за 2020 год дапамогу ад Станіслава атрымалі каля 70 адбыўшых пакаранне. Таксама Станіслаў пісаў асуджаным лісты і адпраўляў пасылкі. Працаваў афіцыянтам. Кіраваў грамадска-інфармацыйнай пляцоўкай «Беларускі цэнтр падтрымкі».
Чаму Цыбінскі пакінуў Беларусь
У сакавіку 2021 года, калі на працы даведаліся аб турэмным мінулым Станіслава, яго звольнілі. Пазней яго збілі невядомыя. У лютым дома ў Цыбінскага прайшлі два ператрусы. Актывіст звязаў гэта з ператрусамі, якія праходзілі і ў іншых беларускіх праваабаронцаў. Пасля чаго Станіслаў пакінуў Беларусь і з’ехаў у Расію. Там яму зрабілі дзве аперацыі. Пазней ён з’ехаў у Польшчу.
У снежні 2021 года Цыбінскага затрымала расійская ФСБ. Яго трымалі ў спецпрыёмніку за горадам, пагражалі. У актывіста забралі наяўныя грошы, якія не вернулі.
Да пачатку ўварвання расійскіх войскаў Цыбінскі жыў у Кіеве. З пачаткам вайны пакінуў Украіну.