Інфармацыю ў суполцы ў Instagram «hrodna. like», Telegram-канале «Гродна Like», суполцы ў Facebook «Hrodna. life» і Youtube-канале «Hrodna Life» прызналі экстрэмісцкай. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна 8 ліпеня 2022 года. Рэсурсы з’явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў 25 ліпеня.

Што паслужыла прычынай, рэдакцыі пакуль невядома.

13 чэрвеня той жа суд прызнаў экстрэмісцкай прадукцыю аднайменнай старонкі Hrodna.life ў Instagram. Праз два тыдні экстрэмісцкай назвалі інфармацыю і на старонцы пад новай назвай. Экстрэмісцкімі таксама прызналі візуальныя матэрыялы — малюнкі, лагатып, вадзяной знак.

Што цяпер?

За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пагражае адміністрацыйная адказнасць — паводле арт. 19.11 КаАП. Рэдакцыя паведаміць, як дзяліцца нашай інфармацыяй бяспечна.

Гэта не першая спроба

У ліпені 2021 года суд Ленінскага раёна прызнаў Telegram-канал Hrodna.life экстрэмісцкім. Прычынай сталі выяўленыя сілавікамі публікацыі, якія эксперты палічылі «накіраванымі на распальванне сацыяльнай і іншай варожасці». Прыкметы экстрэмізму і распальвання варожасці экспертная камісія знайшла ў некаторых каментарах чытачоў. Той Telegram-канал рэдакцыя выдаліла.

Каго яшчэ прызналі «экстрэмістамі»?

Разам з сацсеткамі Hrodna.life у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 25 ліпеня трапілі інтэрнэт-рэсурсы «polskieradio. pl «і «polskieradio24. pl» — рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 20 ліпеня 2022 года. А таксама інтэрнэт-рэсурс пад назвай «Беларускі народны трыбунал» — рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 8 ліпеня 2022 года.