Інфармацыю ў суполцы ў Instagram “hrodna. like”, Telegram-канале “Гродна Like”, суполцы ў Facebook “Hrodna. life” і Youtube-канале “Hrodna Life” прызналі экстрэмісцкай. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна 8 ліпеня 2022 года. Рэсурсы з’явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў 25 ліпеня.
Што паслужыла прычынай, рэдакцыі пакуль невядома.
13 чэрвеня той жа суд прызнаў экстрэмісцкай прадукцыю аднайменнай старонкі Hrodna.life ў Instagram. Праз два тыдні экстрэмісцкай назвалі інфармацыю і на старонцы пад новай назвай. Экстрэмісцкімі таксама прызналі візуальныя матэрыялы — малюнкі, лагатып, вадзяной знак.
Што цяпер?
За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пагражае адміністрацыйная адказнасць — паводле арт. 19.11 КаАП. Рэдакцыя паведаміць, як дзяліцца нашай інфармацыяй бяспечна.
Гэта не першая спроба
У ліпені 2021 года суд Ленінскага раёна прызнаў Telegram-канал Hrodna.life экстрэмісцкім. Прычынай сталі выяўленыя сілавікамі публікацыі, якія эксперты палічылі “накіраванымі на распальванне сацыяльнай і іншай варожасці”. Прыкметы экстрэмізму і распальвання варожасці экспертная камісія знайшла ў некаторых каментарах чытачоў. Той Telegram-канал рэдакцыя выдаліла.
Каго яшчэ прызналі “экстрэмістамі”?
Разам з сацсеткамі Hrodna.life у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 25 ліпеня трапілі інтэрнэт-рэсурсы “polskieradio. pl ” і “polskieradio24. pl” – рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 20 ліпеня 2022 года. А таксама інтэрнэт-рэсурс пад назвай “Беларускі народны трыбунал” – рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 8 ліпеня 2022 года.


