Гродзенскі краязнаўца і гісторык Яўген Аснарэўскі прэзентаваў свой рок-альбом “Песні з Гродні”. Кампазіцыі ў ім прысвечаны роднаму гораду і не толькі. Містычны гродзенец расказаў, што такое “постмадэрнісцкі рок”, як пачаў спяваць і пры чым тут Серж Танкян, паведамляе Telegram-канал “Радыё “Harodnia”. 

У наборы 10 трэкаў: дзевяць песень і інструментальнае інтра. Працягласць усяго альбома – каля 25 хвілін. Тэксты выключна на беларускай мове. 

Пад псеўданімам Яўген Аснарэўскі хаваецца гродзенскі блогер, краязнаўца, аўтар або сааўтар некалькіх папулярных гродзенскіх інтэрнэт-петыцый. Напісаў ужо восемь гістарычных кніг пра Гродна. Акрамя гістарычных матэрыялаў Яўген піша мастацкую прозу. Нягледзячы на спробы высветліць таямніцу яго асобы, Аснарэўскі паспяхова захоўвае ананімнасць.

Чытайце таксама: Евгений Асноревский: 7 фактов о таинственном блогере, который знает о Гродно всё

Постмадэрнісцкі рок і самаіронія

У альбоме дастаткова шырокі дыяпазон вакальных прыёмаў, у тым ліку экстрымальны вакал і тэхнікі бітбокса, расказаў аўтар. Большая частка песень прысвечана Гароднi, у прыватнасці, гэта трэкі «Поп-рок (Гародня)», «Горад халмоў (Эмігранцкая)», «Сівая Каложа». 

 – Песні даволі незвычайныя, спалучаюць у сабе элементы рок-альтэрнатывы 90-х, року 80-х, павольных электронных стыляў, такіх як трып-хоп і чылаўт, і сучаснага попу. Постмадэрнісцкая канцэпцыя альбома прадугледжвае дэканструкцыю эстрадных песень. Менавіта таму элементы розных стыляў часам эклектычна спалучаюцца ў запiсах, а ў тэкстах шмат іроніі, у тым ліку і самаіроніі аўтара. Гэта дазваляе ўбачыць новыя сэнсы ў сучаснай эстраднай творчасці (прынамсі ў тэорыі), i дае падставу пазначыць жанр альбома як постмадэрнісцкі рок, – напісаў Яўген. 

Вокладка альбома "Песні з Гродна" Яўгена Аснарэўскага. Фота: героя
Вокладка альбома “Песні з Гродні” Яўгена Аснарэўскага. Фота: героя

“Песні з Гродні”

Альбом называецца “Песні з Гродні”. Аўтар адзначае, што гэта сапраўдная назва, а не памылка друку. “Гродня – гэта адна з рэальных гістарычных назваў горада над Нёманам, амаль невядомая абывацелю, таму я вырашыў яе крышачку папіярыць у тытуле альбома”, – расказаў Яўген. 

Яўген падкрэслівае, што ў яго не было мэты стварыць поп-хіты з “прыліпаючымі мелодыямі”. Яго цiкавiць андэграўндная, умерана эксперыментальная музыка, галоўнае ў якой – свабода і філасофскі канцэпт. 

https://soundcloud.com/user-248307479/sets/pesni-z-grodni-1?fbclid=IwAR3huh0uE9A_T-xqIklvyJkXA95vM5AiQezZMTuYuYEzNSS__5K7MZO0-z4

Ад эстрады да дваровага блатняка

Аўтар усіх тэкстаў, вакаліст, кампазітар, аранжыроўшчык, гукарэжысёр і нават дызайнер вокладкі альбома – сам Яўген. Ён пажартаваў, што пачаў спяваць пасля таго, як яго аднакласніца сказала, што аддалася б вакалісту System of a Down Сержу Танкяну.

 – У сярэдніх класах школы мы з лепшым сябрам адпраўляліся пешшу, познім вечарам, у цемры, на 13-ы форт Гродзенскай крэпасці. Ішлі праз лес і гарлапанілі ўсякія песні, ад эстрады да дваровага блатняка. Так я заўважыў, што маю некаторыя задаткі для спеваў, хаця на фоне сябра было лёгка вылучыцца, бо ў яго не было не толькі голасу, але нават і музыкальнага слыху. Пасля гэтага я стаў рабіць самае правільнае, што можа рабіць пачатковец  – спяваць, – расказаў Яўген у Facebook. 

У свой час Яўген спяваў у гурце з дзяўчынкай, якая калісьці выступала на “Славянскім базары”, прайшоў кастынг на вакансію дыджэя на буйным радыё і шмат трэніраваўся, паўтараючы за профі.

Таксама Яўген малюе карціны – падпісчыкі жартуюць, што за шматлікасць талентаў яго будуць называюць “гарадзенскім Леанарда”.