Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу go015.ru — люстэрка сайта 015.by. Ведамству аб сайце нагадала актывістка Вольга Бондарава. Раней доступ да сайта абмежавалі з-за некалькіх публікацый.

Інтэрнэт-рэсурс go015.ru з’яўляецца копіяй 015.by, таму Міністэрства інфармацыі накіравала апавяшчэнне ў РУП «БелДІЭ» для ўключэння інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу. 5 ліпеня 2022 года go015.ru уключаны ў спіс, паведаміў у адказе Вользе Бондаравай першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч. Актывістка размясціла яго ў сваім Telegram-канале.

На дадзены момант сайт 015.by не адкрываецца без VPN. На старонцы go015.ru напісана, што доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі, прынятага ў адпаведнасці з Законам «Аб сродках масавай інфармацыі».

Гродзенскі навінавы рэсурс 015. by перастаў адчыняцца ў Беларусі 20 траўня. «Мы ўжо звязаліся з Мінсувязі. Прадстаўнік ведамства патлумачыў, што праблему выклікалі некалькі публікацый. Пасля іх выдалення доступ да сайта будзе адноўлены. Мы разлічваем, што доступ да 015. by будзе адноўлены ў кароткі тэрмін», — сказаў Сяргей Забалуеў у размове з блогам Гродна s13.ru.

Чытайце таксама: У Беларусі заблакавалі яшчэ адзін гродзенскі сайт: Мінінфарм абяцаў разблакаваць, калі ўласнік выканае ўмовы