Навучэнцы школы з літоўскай мовай навучання ў Рымдзюнах. Фота: BELTA.BY
Літва папярэдзіла Беларусь, каб тая не парушала абавязальніцтвы ў межах Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па забеспячэнні адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў. Гэта адбылося ў сувязі з тым, што з 1 верасня 2022 года школы з літоўскай мовай навучання ў Рымдзюнах і Пелясе русіфікуць.
«Дзеянні Беларусі парушаюць міжнародныя абавязкі і абавязкі АБСЕ па забеспячэнні адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў і негатыўна адаб’юцца на адукацыйных і моўных правах нацыянальных меншасцяў. Гэта першы крок да закрыцця школ нацыянальных меншасцяў у Беларусі», — сказала часовая прадстаўніца Літвы пры міжнародных арганізацыях у Вене Ніда Якубоне.
Пра русіфікацыю школаў з літоўскай мовай навучання стала вядома ў красавіку 2022 года. Літоўскія чыноўнікі палічылі такое рашэнне непрымальным і хацелі дамагчыся хаця б пераходнага перыяду.
«МЗС апавясціла беларускі бок аб непрымальнасці такога рашэння, бо яно парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў на навучанне на роднай мове», — сказаў тады намеснік міністра замежных спраў Літвы Эгідыюс Мейлунас. Літоўская мова застанецца толькі прадметам.
У Беларусі дзве літоўскія школы: у вёсцы Рымдзюны [Астравецкі раён — Hrodna.life] і вёсцы Пеляса [Воранаўскі раён — Hrodna.life].
Школа ў Пелясах — першая літоўскамоўная ў Беларусі. Яе адкрылі ў 1992 годзе. У навучальным годзе 2021/2022 там навучаліся 120 дзяцей, працавалі 23 педагога, 11 з якіх былі грамадзянамі Літвы. Школу фінансуе Міністэрства адукацыі Літвы, але ў красавіку 2022 года, калі стала вядома аб намерах скасаваць навучанне на літоўскай мове, міністэрства папярэдзіла аб магчымасці спыніць фінансаванне школы, калі рашэнне не адменяць.
Школу ў Рымдзюнах пабудавалі за кошт Літвы, яе адкрылі ў 1996 годзе. У будынку размяшчаліся дзве школы — адна з беларускай мовай навучання, другая з літоўскай. У апошні навучальны года там навучаліся 82 дзіцяці, працавалі 18 настаўнікаў, 14 з якіх — літоўцы.
У жніўні 2020 года ў будынку размясцілі літоўскі і беларускі дзіцячыя садкі. Тады Міністэрства замежных спраў Беларусі назвала гэта «канкрэтным прыкладам добрасуседскага паспяховага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы».
У красавіку 2022 года стала вядома аб тым, што ў гродзенскай і ваўкавыскай польскіх школах з верасня 2022 года пачнуць выкладаць на рускай мове. Пра гэта паведамілі бацькам вучняў на бацькоўскім сходзе, спаслаўшыся на змены ў Кодэксе аб адукацыі. У гродзенскай польскай школе № 36 польскай мовы і літаратуры пакінуць па адной гадзіне на тыдзень. Па-беларуску будуць выкладаць толькі гісторыю Беларусі і частку прадмета «Чалавек і свет».
Чытайце таксама:
"Бровар Кунца" - такая назва з'явілася ў Instagram-профілі, прысвечаным рэканструкцыі комплексу былога гродзенскага піўзавода і…
Праз пляцоўку "БелЮрЗабеспячэнне" ў Гродзенскай вобласці прадаюць аўтамабіль. Гэта маёмасць асуджанага па "палітычных" артыкулах Дзяніса…
На першым паверсе ў памяшканнях былой адміністрацыі Ленінскага раёна на Савецкай 10 і 14 з'явяцца…
Актывістцы Аляксандры Васілевіч, якая сем гадоў жыве ў ЗША, патэлефанавалі з КДБ Гродна. 0,09% -…
Рашэннем Лукашэнкі пасаду прэм'ер-міністра Беларусі заняў 49-гадовы Аляксандр Турчын. Чыноўнік родам з Навагрудка, але апошнія…
Гродзенка Анастасія атрымала на 8 сакавіка ў падарунак поні. Незвычайны сюрпрыз для дзяўчыны зрабіў яе…