Абвінавачаны па справе Аўтуховіча абвясціў сухую галадоўку. Яго прывялі на пасяджэнне ў трусах. Мікалая Маркевіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост у сацсетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — ён сустрэў юбілей за кратамі. Аксане Каспяровіч 29 чэрвеня вынеслі прысуд па «справе Зельцара» — год і два месяцы пазбаўлення волі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 чэрвеня па 3 ліпеня.
Затрыманне
29 чэрваня стала вядома аб затрыманні ў Гродне. У ліпені 2021 года затрыманы нібыта зарэгістраваўся ў «Плане Перамога». У снежні 2020 года ён пакінуў у Telegram-каналах абразы ў адрас міліцыянта і Лукашэнкі. Ён прызнаў віну. «Вясна» сцвярджае, што затрыманы — 38-гадовы хірург бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне Віктар Русін.

28 чэрвеня дома быў затрыманы Аляксандр Юр’евіч Ваўчок. У яго прайшоў ператрус. Падрабязнасці і прычыны пакуль невядомыя, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Гродзенец быў затрыманы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, паклёп (367 КК) і абразы (арт. 368 КК) у адрас Аляксандра Лукашэнкі 30 чэрвеня. Ён прызнаў віну.
Чарговага гродзенца затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і рэгістрацыю ў чат-робата «План Перамога». Ён прызнаў віну.
Таксіста з Гродна затрымалі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама яго абвінавацілі паводле арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», арт. 369 КК «Абраза службовай асобы» і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі. Мужчыну заключылі пад варту. Па сцвярджэнні сілавікоў, ён раней судзімы. Затрыманы — 36-гадовы Валерый Віскірскі, паведамляе «Вясна».
Юбілей за кратамі
Мікалая Маркевіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост у сацсетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Суд адбыўся ў Гродне ў пятніцу 24 чэрвеня, хаця затрымалі яго 21-га, паведамляе «Б**сат». Паводле інфармацыі Hrodna.life, Мікалай выйшаў на волю ў пятніцу, 1 ліпеня.
На музычным фестывалі ў Германіі сабралі сродкі для гурта Irdorath
На фестывалі сярэднявечнай і фолк музыкі Feuertanz, які праходзіў у Абенсбергу (Нямеччына) 24−25 чэрвеня, сабралі сродкі для ўдзельнікаў гурта Irdorath, якія адбываюць тэрмін у калоніі.
Усяго было сабрана € 4000. Усе сродкі пойдуць на «элементарныя патрэбы» артыстаў, паведамляе reform.news са спасылкай на сайт фестывалю.

Прысуд лідчаніну

Жыхар Ліды Уладзімір Аляксеевіч Гемза быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 130 ч. 1 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» за каментары ў Telegram.
Прысуд вынеслі ў красавіку, але Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде» паведаміў пра гэта толькі цяпер. Тры месяцы да прысуду Уладзімір правёў у СІЗА турмы № 1 Гродна. 17 чэрвеня 2022 года яго ўнеслі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Новыя палітвязні
Юрыя Грыгера і Максіма Антановіча з Гродна 28 чэрвеня прызналі палітвязнямі.
59-гадовага музыкі і прадпрымальніка Юрыя Грыгера затрымалі за абразу міліцыянта ў 2020 годзе. Паводле арт. 369 КК яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
20-гадовага Максіма Антановіча прысудзілі да года калоніі за каментар пра Лукашэнку амаль двухгадовай даўніны.

Новая крымінальная справа ў палітвязня
Палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне па новай крымінальнай справе.
Суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня асудзіў палітвязня Юрыя Кавалёва, які павінен выйсці на волю з калоніі 1 ліпеня. Палітвязень адбывае тэрмін у Ваўкавыскай калоніі № 11 за абразу Лукашэнкі. На гэты раз яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі». Справу разглядаў суддзя Мікалай Талашка, паведамляе «Вясна».
Па гэтым артыкуле палітвязню пагражала да яшчэ аднаго года ў зняволенні. Але, як паведамілі сыну Юрыя ў судзе, яму прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Новыя «тэрарысты»
Яшчэ 11 жыхароў Гродзенскай вобласці дадалі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Гэта:
- Курганскі Аляксандр Сяргеевіч (арт. 130 КК),
- Гарох Уладзімір Уладзіміравіч (арт. 293 КК),
- Кірэшчанка Дзяніс Аляксандравіч (арт. 293 КК),
- Герасімлюк Леанід Сяргеевіч (арт. 361 КК),
- Крылоў Андрэй Максімавіч (арт. 293 КК),
- Аўсіевіч Андрэй Іванавіч (арт. 361 КК),
- Панасік Валянцін Валянцінавіч (арт. 130, арт. 293 КК),
- Мелянчук Дзмітрый Валер’евіч (арт. 130 КК),
- Садоўнічы Руслан Аляксандравіч (арт. 130 КК),
- Збароўскі Яўген Аляксеевіч (арт. 130, арт. 293 КК),
- Дземідовіч Васіль Іванавіч (арт. 293 КК),
Прысуд па «справе Зельцара»
Аксане Каспяровіч 29 чэрвеня вынеслі прысуд па «справе Зельцара» — год і два месяцы пазбаўлення волі. 46-гадовую жыхарку Гродзенскай вобласці судзілі па арт. 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы. У чэрвені Аксану дадалі ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Аксану затрымалі 30 верасня 2021 года. Паколькі адзін дзень у СІЗА лічыцца за паўтара дня ў калоніі, Каспяровіч выйдзе на волю праз некалькі тыдняў, палічыў Telegram-канал «Суды, задержания в Лиде».
Соф’я Сапега папрасіла аб памілаванні
Соф’я Сапега, якая адбывае шасцігадовы тэрмін у калоніі за адміністраванне Telegram-канала «Черная книга Беларуси», папрасіла Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Яна 22 чэрвеня перадала хадайніцтва аб памілаванні ў адміністрацыю калоніі ВК-4 У Гомелі, куды яе перавялі з СІЗА тры тыдні таму, распавёў BBC адвакат сям'і асуджанай Антон Гашынскі.
У звароце 24-гадовая Соф’я просіць прэзідэнта Лукашэнкі вызваліць яе ад адбыцця шасцігадовага тэрміну, ці замяніць яго больш мяккім пакараннем. «Я толькі хачу быць побач са сваёй сям’ёй… Я хачу свабодна дыхаць…», — гаворыцца ў хадайніцтве.
Фармальнай праблемай для памілавання расіянкі цяпер застаецца нявыплачаная частка названай у прысудзе сумы. Да хадайніцтва прыкладзены асабістыя паручыцельства. Хто менавіта паручыўся за Сапегу, абарона не раскрывае. У выпадку здзяйснення пасля памілавання новага злачынства з паручыцеля могуць спагнаць да 16 000 рублёў.

У Гродне праз суд ліквідуюць тры грамадскія арганізацыі
На мінулым тыдні ў Гродзенскім абласным судзе пачалі працэс ліквідацыі трох арганізацый:
- Гродзенскае грамадскае сямейнае аб’яднанне «Парадыгма»,
- Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне «Чатыры вятры»,
- Дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне «Спартыўна творчая студыя ФАЕР».
Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Гродзенцу Сяргею Рымшы ўзмацнілі рэжым і перавялі ў турму. Яго перыядычна змяшчаюць у ШІЗА
Палітвязень з Гродна Сяргей Рымша напісаў у лісце, што час ад часу адміністрацыя жодзінскай турмы змяшчае яго ў штрафны ізалятар. У лістападзе 2021 яму ўзмацнілі рэжым і перавялі са шклоўскай ПК № 17 у жодзінскую турму № 8, паведамляе «Вясна».
Сяргея асудзілі на 3,5 гады паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, 9 жніўня 2020 года ў таніраваны мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі паляцеў камень. За гэта затрымалі Сяргея. Пры затрыманні яго збілі.

Новыя медалі
Намеснік начальніка УСК па Гродзенскай вобласці Віктар Фядосенка 27 чэрвеня атрымаў медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Затрымалі гродзенскага актывіста Дзмітрыя Бандарчука
У Гродне затрымалі палітычнага актывіста Дзмітрыя Бандарчука. Гэта адбылося раніцай 28 чэрвеня. Прычынай стала распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў - улётак. Падчас затрымання актывіста збілі і павезлі на мікрааўтобусе на мінскіх нумарах. У доме правялі ператрус. Блізкія Дзмітрыя даведаліся, што яго даставілі ў аддзяленне міліцыі мікрараёна «Дзевятоўка» на вул. Дубко.
Цяпер Бандарчук на свабодзе ў Гродне. Каментары ён пакуль не дае, пра гэта Hrodna.life сказаў актывіст Вадзім Саранчукоў.

Абвінавачаны па справе Аўтуховіча абвясціў сухую галадоўку. Яго прывялі на пасяджэнне ў трусах
Уладзімір Гундар, які праходзіць абвінавачаным па справе Аўтуховіча, 29 чэрвеня абвясціў сухую галадоўку. Ён паведаміў, што калі да яго ўжывуць гвалт, ён «ускрыецца». Ён трымае сухую галадоўку ў карцары. Жонка адзначыла, што ў карцар мужа накіравалі, паводле адных звестак, на 10 сутак, паводле іншых — да 11 ліпеня.
27 чэрвеня пачалі допыт супрацоўнікаў Ваўкавыскага РАНС, якія тушылі аўтамабіль міліцыянта пасля выбуху, паведамляе БЕЛТА. Да гэтага дапыталі пяць пацярпелых. Яшчэ два пацярпелыя не змаглі з’явіцца на судовы працэс. У судзе зачыталі іх паказанні.

У Гродне затрымалі раварыста і мантажніка. Яго збілі падчас пратэстаў
Алега Сягодніка затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Ён прызнаў віну. Алега ўжо затрымлівалі ў 2020-м. Тады яго палічылі каардынатарам акцыі, затрымалі, збілі, паказалі ўдзельнікам праўладнага мітынгу і асудзілі на штраф.

Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
Кнігі «Мифы о Беларуси» Вадзіма Дзеружынскага і «Welcome to Belarus» Алеся Гутоўскага знялі з продажу ў гродзенскай краме «Green». Кіраўніцтва гіпермаркета правяло разбіральніцтва пасля звароту актывісткі Вольгі Бондаравай. Адказ загадчыка крамы ад 15 чэрвеня Вольга размясціла ў сваім Telegram-канале.
Нечаканы вынік суда за абразу міліцыянта Казлоўскага
Суд Ляхавіцкага раёна спыніў справу за каментар пад публікацыяй з фота Уладзіміра Казлоўскага — старэйшага лейтэнанта міліцыі Ленінскага РАУС Гродна. Прычына спынення справы ў тым, што дзеянне «не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі», а з моманту напісання каментара мінула ўжо два гады.