На «Цягнік Перамогі» ў Гродне 23 чэрвеня звычайных наведвальнікаў не пусцілі. Выявілася, трапіць туды можна толькі па запрашальных, расказаў Telegram-канал «Право им**т» са спасылкай на гродзенцаў, якія паспрабавалі схадзіць туды з сям’ёй і не прайшлі.
«Хоць вокам зірнуць на незвычайны стылізаваны чыгуначны састаў-музей „Цягнік Перамогі“ хацелася кожнаму, але квіткі на яго ў касах, на жаль, не купіць», — пацвярджае выданне «Гродзенская праўда». На адкрыцці экспазіцыі ў Гродне прысутнічалі Юрый Караеў як каардынатар праекта ад Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы і культуры Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык, удзельнікі праекта «Цягнік памяці» і «актыўная моладзь Гродзеншчыны».
Трапіць на цягнік можна, калі хтосьці з запрашальнікам не з’явіўся. Тады на іх месцы дабіраюць з жывой чаргі, якая там збіраецца, расказаў «Sputnik». Прайсці да цягніка можна праз памяшканне мытнага кантролю. Экскурсійныя групы па 15 чалавек запускаюць кожныя пяць хвілін.
Рухомы музей «Цягнік Перамогі» прыбыў у Гродна 23 чэрвеня. У дзевяці вагонах размешчана экспазіцыя, прысвечаная найбольш важным этапам і падзеям Вялікай Айчыннай вайны. У ёй выкарыстаны фігуры людзей і атрыбутыка ў натуральную велічыню, мультымедыйнае і гукавое суправаджэнне, выявы за вокнамі таксама змяняюцца. Цягнік мае 50 відэапраектараў, 18 відэасцен, 12 тач-сталоў, якія дзякуючы светлавым і гукавым эфектам узнаўляюць паветраныя баі, масіраваныя танкавыя атакі, малюнкі паходнага салдацкай жыцця і ўспаміны даваеннага часу. Гэта першая ў свеце інсталяцыя з паглыбленнем, размешчаная ў рухомым саставе цягніка, сказана на сайце праекта. У аснове экспазіцыі - рэальная гісторыя пра жыццё ў ваенныя гады, расказаная ад асобы машыністкі. Дзецям рэкамендавана наведванне толькі з 12 гадоў.
Праект «Цягнік Перамогі» сумесна рэалізавалі Беларуская чыгунка і ААТ «Российские железные дороги» пры падтрымцы Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. Яго прымеркавалі да «Года гістарычнай памяці» і 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 2021 годзе цягнік таксама пабываў у Гродне. Трапіць на яго можна было толькі арганізаваным групам па запрашальных білетах з канкрэтным часам. Білеты распаўсюджвалі ў арганізацыях і навучальных установах.
Чытайце таксама: Орел, пингвин и даже рояль: выставка из 500 кг шоколадных экспонатов работает в «Triniti»