На канец лютага ў Рускім тэатры Марыупаля планавалі прэм’еру. Аднак пачалася вайна. Тэатр стаў сховішчам для жыхароў горада, а потым быў разбомблены. Пра тое, якія жыццёвыя драмы прайшлі праз тэатр замест запланаванай прэм’еры, паказалі ў пастаноўцы “Спектакль, які не адбыўся” акторкі “Тэатра Жніўня” Наталля Лявонава, Натэла Бялугіна і Ганна Іванова. Паставіў спектакль рэжысёр Андрус Дарала. Яго паказалі ў Рускім тэатры Літвы ў Вільні 17 – 19 чэрвеня ў час паэтычнага фестывалю “Жывое слова”.

Гісторыя не скончана – п’еса толькі пішацца

Увесь спектакль базуецца на тэкстах журналісткі з Марыупаля Надзеі Сухарукавай. Яна была адной з тых, хто ратаваўся ў сутарэннях тэатра.

“Усё пачалося з тэлефоннага званка, – расказала акторка Наталля Лявонава. – Патэлефанаваў знаёмы рэжысер з Марыупаля і папрасіў запісаць відэаводгук на пост у сацсетках журналісткі Надзеі Сухарукавай”.

Калі пра гэта даведаліся калегі калегі, то прапанавалі і сваю падтрымку – так нарадзілася ідэя спектакля. Спачатку артысты меркавалі, што паставяць п’есу, якую рыхтавалі да прэм’еры ў Марыупалі. Потым вырашылі больш працаваць з тэкстамі Сухарукавай.

“Гэта пакуль эскізная работа, – тлумачыць Наталля Лявонава. – Гісторыя не скончана і п’еса толькі пішацца”.

Гродзенскія акторкі ў Вільні сыгралі спектакль пра Марыупальскі тэатр
Сцена са спектакля. Акторкі на фоне афішы “Маруся”, прэм’ера якой рыхтавалася ў Марыупальскім Рускім тэатры напярэдадні вайны

Зараз вы ведаеце…

На сцэне большасць часу толькі тры акторкі. Але ў іх расповядах паўстаюць іншыя героі: хлопчык, што вядзе дзённік, стары, які чакае, каб на абед далі “другое”, а не толькі суп і ваду, дзяўчынка, што крычыць, бо баіцца цемры. Паступова гэтыя героі запаўняюць прастору – тут робіцца цесна ад роспачы і эмоцый. “Зараз вы ведаеце, як мог выглядаць і той падвал”, – казаў рэжысёр Андрус Дарала.

Пасля эвакуацыі з Марыупаля Надзея Сухарукава прыехала ў Літву і зараз жыве ў Клайпедзе. Наталля Лявонава распавяла, што яны наведалі журналістку і пазнаёміліся. На яе думку, гэта дапамагло ў працы над вобразамі ў спектаклі.

“Была вялікая адказнасць ад таго, што асабіста ведаю гэтага чалавека. Цікава працаваць па тэкстах і перажываннях знаёмай асобы. Я ж ніколі не была на вайне і не ведаю, што адчувалі марыупальцы, чакаючы смерці ў падвале тэатра. Я ніколі гэтага не адчувала, але павінна была расказаць правільна”.

Спектакль па хэштэгах

Тэхнічна спектакль пабудаваны на сістэме хэштэгаў. #Самалёт, #Аўтобус, #Асцярожна ды іншыя перамяшчаюць гледачоў у розныя моманты трагічных падзеяў. Акторкі ўвесь час трымаюць у руках лісты з тэкстамі роляў прэм’еры, што так і не адбылася.

Гродзенскія акторкі ў Вільні сыгралі спектакль пра Марыупальскі тэатр
Сцена са спектакля. На фоне – старонка з дзіцячага дзённіка, дзе хлопчык піша пра жыццё ў Марыупалі і смерць блізкіх

“П’еса, як і вайна, пакуль не скончана, – кажа акторка Натэла Бялугіна. – Працаваць у такім фармаце нязвыкла, гэта новы для мяне досвед. Усе гісторыі, якія прагучалі у спектаклі, напісаныя Надзеяй [Сухарукавай]. Усе мы былі ў спектаклі ёй, толькі ў розных іпастасях”.

Цягам фестывалю гродзенцы паказалі віленчукам яшчэ адзін свой спектакль – “За што”. Ён прысвечаны падзеям Ночы (не)растраляных паэтаў і ўпершыню быў прадстаўлены летась у кастрычніку.

Усе спектаклі фестывалю “Жывое слова”, прадстаўленыя “Тэатрам Жніўня”, прайшлі з аншлагам.

Чытайце таксама: Гродненские актёры создали в Вильнюсе «Театр Августа». Премьеру посвятили «Ночи (не)расстрелянной поэзии»

Театр Августа Литва Вильнюс Ночь нерасстрелянной поэзии Ночь расстрелянных поэтов
“За што” – першы спектакль “Тэатра Жніўня”. Фота з прэм’ернага паказа ў Вільні, 29 кастрычніка

Чытайце таксама: “Сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць”. Звольненыя акцёры з Гродна паказалі ў Вільні “Трэцюю змену