З пачатку года гродзенскія сілавікі ў праўладных Telegram-каналах адсправаздачыліся аб затрыманні васьмі чалавек з татуіроўкамі. Затрыманні трох жыхароў вобласці з нацысцкімі татуіроўкамі “прымеркавалі” да Дня Перамогі 9 траўня. Увагу сілавікоў прыцягнулі не толькі нацысцкія сімвалы, але і надпісы “Жыве Беларусь” і “Лука ідзі ты на***”.

Сярод затрыманых з нацысцкімі татуіроўкамі – футбольныя фанаты, раней судзімыя, “прыхільнікі фашысцкай ідэалогіі”. Як правіла, з затрыманымі здымаюць «пакаяннае» відэа. Пры здымках іх распранаюць да трусоў. Затрыманыя просяць прабачэння ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і абяцаюць звесці татуіроўкі.

Некаторых змяшчалі ў ізалятар і пазней судзілі за распаўсюд і захоўванне нацысцкай сімволікі (арт.19. 10 КаАП «Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі», пагражае адміністрацыйны арышт). Далейшы лёс затрыманых невядомы.

Затрыманні за ультраправыя татуіроўкі – не новая практыка. У лістападзе 2021 год затрымалі Дзмітрыя Бабіча з Ваўкавыска за экстрэмісцкія матэрыялы. Пры затрыманні яго распранулі і знялі на відэа яго “неанацысцкія” татуіроўкі. Яго скруцілі, паклалі на зямлю і ўдарылі ў бок. У яго на лбе з’явілася кроў.

Чым могуць абярнуцца нацыянальныя татуіроўкі

У студзені 2022 года ў Гродне затрымалі 36-гадовага Валерыя Вуса – за ўдзел у масавых пратэстаў. На адной назе ён набіў татуіроўку ў выглядзе слова “Жыве”, на другой – “Беларусь”. Сілавікі зрабілі фота і выклалі яго ў Telegram. Далейшы лёс хлопца невядомы.

Татуіроўкі з нацыянальнай сімволікай гродзенцы пачалі рабіць яшчэ да масавых пратэстаў-2020. У лютым 2021 года Генеральная пракуратура заяўляла аб падрыхтоўцы да прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. Гродзенцы з БЧБ з трывогай чакалі яго і законапраекта «Аб змяненні законаў па процідзеянні экстрэмізму». Па законе хаваць тату не трэба, распавёў тады юрыст. Але тату могуць палічыць “дадаткам” да пікета.

На татуіроўкі з нацыянальнай сімволікай з пачаткам вайны пачалі звяртаць увагу і ва Украіне. Украінцаў правяраюць у “фільтрацыйных лагерах” пры выездзе з краіны на тэрыторыі, кантраляваныя Расіяй. “І калі, не дай бог, у чалавека ёсць нешта ў выглядзе трызубца або нашага герба, чалавек знікае, і яго ўжо не могуць знайсці. Дзяцей забіраюць ад сваіх бацькоў, дзяцей з дзіцячых дамоў або інтэрнатаў таксама вязуць у невядомым напрамку», — распавяла «Настоящему времени» віцэ-прэм’ер-міністр Украіны Ірына Верашчук.

Крымінальная справа за татуіроўку

Можа дайсці да крымінальнага пераследу. Гродзенскага музыку і гітарыста гурта Deviation Паўла «Белку» Бялянава абвінавацілі паводле арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» за татуіроўку «Лука ідзі на***”.

Крыніца Hrodna.life сцвярджае, што хлопца выклікалі ў якасці сведкі для допыту па іншай справе. Але ў выніку — затрымалі з АМАПам, прымусілі распрануцца і прад’явілі абвінавачванні. “Усе яго татуіроўкі былі схаваныя на момант затрымання, зрэшты, як і заўсёды ў публічных месцах”, – дадала крыніца.

Павел Белянов. Фото провластных Telegram-каналов
Павел Бялянаў. Фота праўладных Telegram-каналаў

Татуіроўка – нагода звярнуць увагу

Татуіроўкі са свастыкай зводзіць пакуль не прымушаюць, але дэманстраваць іх не варта. “Пакуль за дэманстрацыю і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі існуе адзіны адміністрацыйны артыкул. Калі тату не дэманструюць, то цяпер не пакараюць. У адваротным выпадку будуць арыштоўваць кожны раз, калі свастыка будзе з’яўляцца на ўсеагульным аглядзе”, – тлумачыла Hrodna.life юрыстка.

Асаблівую ўвагу сілавікоў прыцягваюць татуіроўкі ў выглядзе надпісу “A*AB” і свастыкі або нацысцкіх сімвалаў, распавёў Hrodna. life юрыст «Вясны» Павал Сапелка. Пасля гэтага на чалавека могуць звярнуць увагу, а яго носьбіты і тэхніку — падвергнуць больш глыбокага агляду. Па іх выніках знаходзяцца “больш прыземленыя” спосабы прыцягнуць да адказнасці.