Стваральнікі кавярні “Крепкий Черный” рыхтуюць новы праект – свой “янь і супрацьлегласць” пад назвай “Крепкий Белый”. Пакуль у памяшканні ідзе рамонт. Тэрміны пакуль не называюць, але праект інтэр’еру ўжо ёсць.

Кавярня зойме месца на вул. Замкавай, 12. Яна будзе размяшчацца на другім паверсе бізнес-цэнтра “На Замкавай”.

“Гэта наша лакацыя – наш новы дом, у якім мы занялі месца пад сонцам і цяпер вечары з намі будуць чароўнымі на ашаламляльнай тэрасе. Мы ламаем стэрэатыпы і “Крепкий Белый” займае месца на другім паверсе”, – напісалі ўладальнікі ў Instagram.

Стваральнікі паказалі праект кавярні. Карыстальнікі адзначаюць, што інтэр’ер прыгожы і з захаванымі «фірмовымі штучкамі». Два карыстальніка прапанавалі зрабіць крэслы зручнейшымі і менш цвёрдымі. Іх паабяцалі ўпрыгожыць падушкамі.

“Астатнія кавярні падцягнуцца”

Уладальнікі распавялі Hrodna.life, што ў кавярні пакуль пачынаюць рабіць рамонт. Яго тэрміны пакуль назваць не могуць. У сторыс яны ўдакладнілі, што знаходзяцца на стадыі перамоваў з падрадчыкамі і папяровай працы. Зараз у кавярню шукаюць барыста.

– Яна будзе адрознівацца ад усіх кавярняў. Мы паспрабуем задаць новы ўзровень. Думаю, гараджане ўжо гатовыя, ды і астатнія кавярні падцягнуцца ў плане свайго росту, — распавялі Hrodna.life.

Першая кавярня – дружалюбная для жывёл і веганаў

Кавярня “Крепкий Черный” адкрылася ў траўні 2020 года ў гандлёвым цэнтры Kazzarma Mall. Установа пазіцыянуе сябе як “pets friendly”. Яны спецыяльна вырашылі адкрыцца ў жылым мікрараёне і працуюць “з веганскім ухілам”. У буднія дні кавярня пачынае працаваць з 8.00 раніцы.