У гродзенскай польскай школе (СШ № 36) з 2022 года пачнуць выкладаць на рускай мове. Бацькам абяцалі, што на польскую мову і літаратуру пакінуць адну гадзіну ў тыдзень, але і яе могуць прыбраць. Інфармацыю Hrodna.life пацвердзіла маці вучня польскай школы Наталля.
Пра адмену апошняй гадзіны польскай мовы і літаратуры паведаміла дырэктарка сярэдняй школы № 36 Данута Сурмач. У бацькоў гэта інфармацыя выклікала «глухую злосць і бяссіле», сказала Hrodna.life маці вучня школы Наталля. Па словах Наталлі, бацькі будуць прасіць каб пакінулі гадзіну польскай мовы, «бо абяцанняў ніякіх не далі».
Кодэкс аб адукацыі моваў нацыянальных меншасцяў не прадугледжвае
Пра тое, што з верасня 2022 года ў польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску заняткі будуць весці на рускай мове, стала вядома пасля ў красавіку 2022 года. Кіраўніцтва школы спаслалася на змены ў Кодэксе аб адукацыі. Паводле закону, зараз у Беларусі выкладанне на мове нацыянальнай меншасці не прадугледжваецца. У выніку большасць прадметаў будзе па-руску, па-беларуску — толькі гісторыя Беларусі і частка прадмету «Чалавек і свет», а па-польску — наогул нічога.
Між тым, многія бацкі аддавалі дзяцей у польскую школу, каб тыя потым здалі экзамены, атрымалі стыпендыю і паехалі бясплатна вучыцца ў Польшчу. Але былі і іншыя прычыны. Некаторыя выбіралі польскую школу праз адсутнасць у горадзе беларускіх. Іншыя — бо школа не перапоўненая, класы невялікія і педагогі лепш ведаюць дзяцей. Яшчэ іншыя — бо там культываваліся польскія традыцыі.
Чытайце таксама: «Гэта дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце». Што бацькі і дзеячы польскай меншасці кажуць пра русіфікацыю школаў у Гродне і Ваўкавыску
Школу спрабавалі русіфікаваць ужо не раз
Моўнае пытанне ў польскай школе падымалі раней. Першы раз — у 2012 годзе, калі прапанавалі стварыць асобныя рускамоўныя класы. У 2017 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі планавала перавесці частку прадметаў і экзаменаў на дзяржаўныя мовы. Тады бацькі апелявалі да польска-беларускіх дамоўленасцяў, паводле якіх гэта школа, пабудавана за польскія грошы, павінна выкарыстоўвацца толькі для навучання на польскай мове.
Ці законная русіфікацыя школы
У жніўні 1995 года Саюз палякаў Беларусі падпісаў дамову з Гродзенскім гарвыканкамам. У пункце 1.3 гэтай дамовы пазначана, што будынак школы, пабудаваны за грошы польскіх падаткаплацельшчыкаў, павінен выкарыстоўвацца як школа з польскай мовай навучання. Змяніць гэта можна толькі па пагадненні бакоў. На такіх жа ўмовах у 1999 годзе адкрылі школу ў Ваўкавыску.
Чытайце таксама: «Яны працягваюць палітыку савецкіх уладаў». Першы старшыня Саюза палякаў - пра гісторыю змагання за польскія школы ў Беларусі
Якія школы таксама русіфікуюць
Русіфікацыя закранула не толькі польскую школу ў Гродне. Тое ж самае адбываецца ў Сярэдней школе № 8 з польскай мовай навучання ў Ваўкавыску.
У літоўскіх школах ў вёсках Пеляса і Рымдзюны з верасня 2022 года знікне літоўская мова выкладання. Замест яе ўрокі будуць весці толькі на рускай і беларускай.