Зубры, з якіх у канцы красавіка зрабілі каўбасу “Белавежскі трафей”, жылі зусім не ў Белавежскай пушчы. Шэсць зуброў на мяса прадаставіў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў (СВК) “Азёры” Гродзенскага раёна. Гэта была спроба пазбавіцца “лішніх” жывёл і паглядзець, ці гатовыя беларусы купляць прадукцыю з мяса зубра. На думку старшыні СВК “Азёры” Аляксандра Шышко, прадукцыя беларусам спадабалася. Пра гэта піша расійскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik.

Азёрская папуляцыя зуброў – адна з самых буйных і хутка растучых у Беларусі. Яна налічвае 480 дзікіх быкоў.
“Пачыналася яна з 18 асобінаў зубра ў сярэдзіне 90-х гадоў. Планавалася давесці іх да 80. Менавіта столькі зуброў можа жыць у ландшафтным прыродным заказніку “Азёры” без шкоды для прыроды”, – патлумачыў Аляксандр Шышко.
Забойства для каўбасы – вымушаная мера
Вялікая папуляцыя зуброў стала прычынай праблем. Жывёлы топчуць і з’ядаюць пасевы, робяцца прычынай аварый на дарогах, абядняюць фаўну прыроднага заказніка і пачынаюць выцясняць іншыя віды.
“Мы зараз у безвыхадных стане. Папуляцыя хутка расце, пытанне з перасяленнем зубра ў межах Беларусі вельмі складанае. Іншыя гаспадаркі не хочуць разводзіць дадзены від. Ёсць пэўная цікаўнасць у Расіі, чым сёння нашая гаспадарка займаецца. Там зараз актыўна вырашаюць пытанне аднаўлення папуляцыі. Паляванне на зубра не карыстаецца вялікай папулярнасцю з-за высокай цаны. А рэгуляваць колькасць папуляцыі патрэбна”, – сказаў Аляксандр Шышко.
Па словах Шышко, мэты зарабіць на зубрах не было. Гэта была спроба знайсці вырашэнне праблемы рэгуляцыі колькасці. Бо вялікі статак зуброў – празмерная нагрузка на заказнік “Азёры”.
Чытайце таксама: Зуброў плануюць рассяліць на Слонімшчыне і Мастоўшчыне
Зубр у Чырвонай кнізе, але паляваць на яго можна
Зубр унесены ў Чырвоную кнігу. Але паляваць на яго можна для рэгуляцыі колькасці жывёл. Палююць на зуброў, якія належаць да рэзервовага генафонда.
Рэзервовы генафонд – жывёлы з прыкметамі крайняй ступені знясілення, хворыя, траўмаваныя, якія маюць несумяшчальныя з жыццём калецтвы, з прыроджанымі адхіленнямі ў фізічным развіцці, агрэсіўныя жывёлы, самцы старэйшыя за 14 гадоў і самкі старэйшыя за 15 гадоў. У рэзервовы генафонд кожую жывёлу пераводзяць на падставе спецыяльна пацверджаных актаў і працэдур.
Колькі каштуе паляванне на зубра
Цана дазвола на здабычу зубра з рэзервовага генафонда для грамадзян Беларусі і грамадзянаў краінаў членаў Еўразійскага эканамічнага саюза – ад 800 да 7 тыс. рублёў.
- Сяголетак – 800 руб.
- Маладняк ад аднаго да двух гадоў – да 2,5 тыс. руб.
- Дарослы нетрафейны – да 5 тыс. руб.
- Дарослы трафейны – да 7 тыс.руб.
Цана на здабычу зуброў для грамадзян іншых краін – ад 7 да 22 тыс. рублёў.


