У мікрараёне Зарыца-2 хочуць пабудаваць таўнхаўсы. Ужо шосты квартал падобнай забудовы размесцяць у раёне вуліц Ваньковіча і Горы. Забудоўшчыка вызначаць падчас аўкцыёна. Пра гэта паведаміў Гродзенскі цэнтр нерухомасці.

Памер участка пад будаўніцтва — каля 50 сотак. Пачатковая цана тэрыторыі - 12,5 тыс. рублёў. Забудоўшчык павінен пабудаваць там адна- і двухпавярховыя жылыя дамы, магчыма з мансардным паверхам. Будынкі не павінны перавышаць 7 метраў у вышыню.
Аўкцыён па продажы участка адбудзецца летам 2022 года, удакладніў «Вечерний Гродно». Але канчатковая дата яшчэ не вядома. Пераможца таргоў атрымае права арэнды зямельнага ўчастка на 50 гадоў.
Участак пад будаўніцтва таўнхаўсаў у мікрараёне Зарыца-2. Крыніца: gcn.by/ Участак пад будаўніцтва таўнхаўсаў у мікрараёне Зарыца-2. Крыніца: gcn.by/
Таўнхаўсы — двух-трохпавярховыя дамы, у якіх ёсць адна агульная сцяна. У кожнай кватэры — асобны ўваход. Часцей за ўсё ў кожнага ёсць свой задні падворак.
Дзе яшчэ плануюць будаваць таўнхаўсы
У аграгарадку Гожа пад Гроднам на вуліцах Школьная і Сонечная плануюць вылучыць для новай забудовы 30 зямельных участкаў. З іх 30% прададуць з аўкцыёну.
У лютым 2022 года стала вядома, што на вуліцы Каплічнай хочуць пабудаваць два таўнхаўсы. Першы — дом на 10 кватэр. Гэта першы прыклад такой пабудовы ў Гродне. Другі - аднакватэрны дом тыпу катэджа.