30 красавіка стаў апошнім працоўным днём “Свободной студии” на старым месцы па адрасе Маставая, 31 у Гродне. Працу заснавальніцы завяршылі вечарынкай у гонар закрыцця. Цяпер яны распрадаюць мэблю і думаюць, як арганізаваць працу далей.

У красавіку заснавальніцы ўжо не прадавалі абанементы – толькі разавыя заняткі.

“Тут правядуць шэраг рамонтных работ, якія закрануць наша памяшканне. Гэта звязана з прывядзеннем бягучых памяшканняў да пэўных нормаў, якія адпавядаюць бізнес-цэнтру. Гэтыя змены зрэжуць нашу залу да немагчымасці ў ёй працаваць. Памяшканне застанецца занадта маленькім. Гэта прымушае нас спыніць працу тут”, – расказалі ў Instagram заснавальніцы “Свободной студии” Дар’я і Алеся.

Дар’я і Алеся хочуць працаваць далей. “Пакуль мы не ведаем, у якім фармаце, але мы працягваем пра гэта думаць і размаўляць”, – распавяла Дар’я.

Зараз студыя распрадае мэблю і дэталі інтэр’еру.

“Свободная студия” – гэта творчы праект, які ўключае ў сябе танцы, фітнес, фатаграфію, тэатр і іншае. Стваральніцы вялі заняткі па стрэйчынгу, пілатэсу, стрып-пластыцы, кантэмпарары, бразільскай самбе. Таксама яны праводзілі заняткі па кантэмпарары для дзяцей. Існавала з 2017 года.