Ігар Банцэр па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна заплаціць 81 рубель 66 капеек папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 Віцебска і 64 рублі дзяржпошліны. Ігар настойваў, што яму няма за што плаціць. У спецінтэрнаце ПУАТ ён не знаходзіўся — яго рэгулярна адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Але суддзя Вольга Шуманская прыняла рашэнне не на карысць былога палітвязня.
Грамадзянскую справу па іску пракурора Віцебска ў інтарэсах ПУАТ № 9 па Віцебскай вобласці да Ігара Банцэра разгледзелі 20 красавіка. З гродзенца хацелі спагнаць запазычанасць за пражыванне ў спэцінтэрнаце — 81 рубель 66 капеек.
Першае паседжанне прайшло 11 красавіка. Тады Банцэру не дазволілі азнаёміцца з 13 лістамі, якія знаходзяцца ў матэрыялах справы. Таму ён спаслаўся на Канстытуцыю і папрасіў адкласці справу, пакуль не знойдзе сабе адваката. Ігар збіраўся выклікаць сведак, якія пацвердзілі б, што начальнік папраўчай установы ставіцца да яго прадузята. Але ў выніку працэс прайшоў без іх. Прадстаўнік ПУАТ № 9 таксама папрасіў разгледзець справу без яго.
Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка 2021 года прызнала Ігара Банцэра вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ігара судзілі за танец, які ён выканаў у верасні 2020 года перад міліцыянтам. Паводле версіі пракурора, ён прадэманстраваў пры гэтым свае геніталіі. Сам Ігар настойваў: ён быў у стрынгах, так што міліцыянт не мог бачыць яго голым. З 17 чэрвеня 2021 года ён адбываў пакаранне ў ПУАТ № 9. 17 снежня ён выйшаў на волю.
«Паехаў катацца па ШІЗА»
Згодна з п. 3 ч.1 арт. 47 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, асуджаныя павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку ПУАТ. У тым ліку — своечасова ўносіць плату за пражыванне ў інтэрнаце і штомесяц кампенсаваць кошт паслуг, паведаміла ў судзе памочніца пракурора Гродна Анастасія Граб.
Зыходзячы з іску, у чэрвені 2021 года Ігар правёў у ПУАТ 14 дзён, у ліпені — 31, у жніўні — 31, у верасні - 21, у кастрычніку — 3, лістападзе — 30, у снежні — 17. Агульная плата за час пражывання склала 106,66 рублёў. У ліпені Банцар заплаціў 25 рублёў - грошай хапіла наперад. Па яго словах, у яго не было думак не плаціць. Але неўзабаве ён «паехаў катацца па ШІЗА».
Таму Ігар іску не прызнаў. «У сувязі з тым, што з 6 жніўня па 15 верасня я знаходзіўся па-за межамі ПУАТ № 9, бо я адбываў пакаранне ў выглядзе штрафной ізаляцыі ў СІЗА № 2 Віцебска».
На яго склалі чатыры пратаколы — па 10 дзён ШІЗА. «То бок, з 6 жніўня па 15 верасня я фізічна адсутнічаў на тэрыторыі ПУАТ. З 1 лістапада па 21 лістапада я таксама адсутнічаў 20 дзён, таму што адбываў штрафную ізаляцыю ў СІЗА РАУСа Гарадка. З 25 лістапада па 17 снежня я адсутнічаў у папраўчай установе, таму што адбываў штрафную ізаляцыю ў ІЧУ Гарадка». ПУАТ адпаведныя дакументы разам з іскам не падаў.
«Гэта юрыдычны казус»
Таму, лічыць Ігар, іск не адпавядае рэчаіснасці. «Там напісана, што я, як кожны асуджаны, мушу фактычна аплочваць сваё пражыванне. Але калі мяне фактычна там не было, пра што мусяць быць паперы, як я магу плаціць? Як мне сказалі падчас маёй першай штрафной ізаляцыі - гэта юрыдычны казус. <…> Давайце палічым дні, якія я быў паміж сваімі паездкамі ў ШІЗА — я гатовы іх аплаціць. Там можа месяц набяжыць».
Рэчы Ігара ў гэты час знаходзіліся на складзе і ў яго пакоі ў інтэрнаце. Акрамя верасня, калі Ігара адправілі ў калонію, ён быў на ўліку людзей, якія пражываюць у ПУАТ. У адпаведнасці з інструкцыяй аб парадку кампенсацыі асуджанымі расходаў па іх утрыманню, зацверджанай пастановай МУС № 143
«Выклік эксперта — гэта зацягванне справы»
«У сваёй позве пракурор кажа, што, „прашу спагнаць з Банцэра грошы за фактычнае пражыванне“. Зараз жа, адказваючы на ваша пытанне, пракурорка спасылаецца на інструкцыю, што нягледзячы на тое, ці быў фізычна на тэрыторыі ПУАТ, мы ўсё роўна на падставе інструкцыі мусім спагнаць з цябе гэтыя грошы. То мы зараз абмяркоўваем які кавалак справы супраць мяне? Што я фактычна там быў і не хачу плаціць? Ці тое, што згодна з інструкцыяй, нават калі я там не быў, я мушу за гэта заплаціць? <…> Калі зараз змяняецца сутнасць справы, то я вымушаны хадайнічаць аб спыненні справы і аб тым, каб пракуратура перафармурмулявала сваю позву». Ігар папрасіў адкласці разгляд справы да высвятлення.
Памочнік пракурора была супраць хадайніцтва. На яе думку, арт. 48 УВК, згодна з якой кошт паслуг кампенсуецца з фактычнага спажывання, не супярэчыць інструкцыі МУС. Суддзя ў хадайніцтве адмовіў. Тады Банцар папрасіў выклікаць эксперта, які патлумачыў бы, як правільна праводзяць разлік. На думку памочніка пракурора, выклік эксперта — гэта зацягванне справы. Суд у хадайніцтве адмовіў, так як тлумачэнне прававых нормаў не ўваходзіць ў падставы для выкліку эксперта.
Былы палітвязень будзе абскарджваць рашэнне суда
Па словах Ігара, начальнік ПУАТ падпалкоўнік Эдуард Мачэча накіраваў іск, бо мае ў адносінах да яго асабістую крыўду, здзекаваўся над ім і прыніжаў яго чалавечую годнасць. Банцара паставілі на спецулік 19 чэрвеня 2021 года — ужо праз два дні пасля прыбыцця ва ўстанову.
«У які момант унутраная інструкцыя МУС стала вышэй за Крымінальна-выканаўчы кодэкс? Пры гэтым пракурор Віцебска хоча спагнаць грошы за фактычнае пражыванне — згодна з КВК? Зараз пракурорка Гродна спасылаецца на ўнутраную інструкцыю МУС. Я тут бачу юрыдычны казус і нестыкоўку. Я адмаўляюся выконваць інструкцыю ўнутраную, каторая відавочна супярэчыць кодэксу», — сказаў Банцар.
Ігар збіраецца абскардзіць рашэнне суда дзеля сістэмных зменаў.
Хто такі Ігар Банцэр?
Ігар Банцэр — гродзенскі рок-музыкант і перформер. Банцэра затрымалі ў кастрычніку 2020 года за перформанс 5 верасня, які прызналі хуліганствам. Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка 2021 года прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. З 3 сакавіка, калі пачаўся разгляд справы ў судзе, Ігар трымаў «сухую» галадоўку (не прымаў ежы і вадкасці) 16 дзён. 15 сакавіка праваабаронцы прызналі Банцэра палітвязнем. У выніку галадовак у яго пагоршылася здароўе. Ігара Банцэра выпусцілі з папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 у Віцебску 17 снежня 2021 года. Ён адбыў там увесь прызначаны тэрмін.
Чытайце таксама: Былога палітвязня Ігара Банцэра выклікалі ў Следчы камітэт