У красавіку на сайце СШ № 8 Гродна зменяць інфармацыю ў раздзеле “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Цяпер там у ліку першых распавядаюць пра Барбару Радзівіл, Тадэвуша Касцюшку і Ігната Дамейку. Інфармацыю зменяць згодна з «нарматыўным прававым дакументам па патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў». Прычынай стаў зварот актывісткі “ІнфаСпецНаз” Вольгі Бондаравай. З ёй пагадзіўся начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Абрамчык.
Вольга Бондарава зайшла на сайт СШ № 8 і ўбачыла інфармацыю аб знакамітых ураджэнцах Беларусі. Першыя тры героя – Барбара Радзівіл, Тадэвуш Касцюшка і Ігнат Дамейка. На яе думку, гэта матэрыялы, “якія праслаўляюць польскіх акупантаў і тутэйшых калабарацыяністаў замест савецкіх і беларускіх патрыётаў сваёй краіны, гонарам і доблесцю даказалі сваё права на падзяку нашчадкаў”.
“Дзяцей вучаць любіць русаненавіснікаў. А тое, што знакамітай гістарычнай фігурай быў Фелікс Дзяржынскі, пра гэта “забыліся” згадаць. Ну так, куды яму да змагара Дамейкі або тэрарыста Касцюшкі…”, – мяркуе Вольга.
Інфармацыя – з афіцыйнага сайта
Адказ ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксаны Тарасевіч размясціла Вольга Бондарава. У ім паведамілі, што пры напаўненні падзелу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” выкарыстоўвалі матэрыялы з афіцыйнага сайта Рэспублікі Беларусь Belarus.by. Інфармацыю размясцілі ў верасні 2019 года і з тых часоў не мянялі. Адміністрацыі школы сказалі падкарэктаваць яе.
Таксама ў адказе паведамілі, што праца па патрыятычным выхаванні ў школах будуецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, Кодэксам аб адукацыі, Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі, якая навучаецца, на 2021-2025 гады, Праграмай патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022-2025 гады і іншымі нарматыўнымі дакументамі.
Сайт яшчэ раз праманітораць
Пазней гродзенцы звярнуліся ў Міністэрства адукацыі. Зварот перанакіравалі ў Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Адказ на яго за подпісам начальніка ўпраўлення Руслана Абрамчыка 15 красавіка размясціла ў Telegram-канале Вольга Бондарава.
Раздзел “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” дапоўняць новай інфармацыяй. Інфармацыю ў красавіку выправяць дырэктар Аляксандр Каваленка і адміністрацыя школы. У адказе на зварот падкрэслілі, што дырэктар на пасадзе з 1 красавіка 2022 года. Пры разглядзе звароту аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна арганізаваў сумоўе з адміністрацыяй школы, узяў тлумачэнні і правёў маніторынг сайта. У траўні аддзел адукацыі паўторна праманіторыць сайт школы.
Што цяпер?
Пакуль падраздзел “Вядомыя беларусы” з сайта СШ №8 прыбралі. Інфармацыя на сайце Belarus.by засталася ранейшай.

Інфармацыя на сайце СШ №8 і сайце Belarus.by. Скрыншоты Hrodna.life 
Інфармацыя на сайце СШ №8 і сайце Belarus.by. Скрыншоты Hrodna.life




