Праектную дакументацыю на будаўніцтва дзіцячага садка ў Грандзічах ужо падрыхтавалі. Дзіцячыя садкі ў Скідзелі, Лідзе і Слоніме ўжо будуюць, у планах садок у Ашмянах. Садкі абяцаюць пабудаваць да 2025 года. Пра гэта паведаміў кіраўнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык перад сесіяй абласнога Савета дэпутатаў.

«На дадзеным этапе ідзе будаўніцтва дзіцячых садкоў на 190 месцаў у Скідзелі, Лідзе і Слоніме. Зроблена праектна-сметная дакументацыя для будаўніцтва садка на 335 месцаў у Гродне у мікрараёне Грандзічы-3. Запланавана ўзвядзенне дашкольнай установы ў Ашмянах», — сказаў Абрамчык.
Усе дзіцячыя садкі плануюць пабудаваць да 2025 года. Узвядзенне адбываецца па дзяржаўнай праграме «Адукацыя і моладзевая палітыка».
Чытайце таксама: Дзіцячага садка ўжо не хапае. Што ў Грандзічах дабудуюць да 2025 года
Колькі ў Гродзенскай вобласці працуе дзіцячых садкоў
У вобласці працуе 414 дзіцячых садкоў. Іх наведвае 45 тыс. дзяцей. У дашкольных установах функцыянуе 1146 груп кароткатэрміновага перабывання, 96 санаторных груп, 274 групы інтэграванай адукацыі і выхавання, 354 спецыяльныя групы, 262 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Акрамя гэтага 87 дадатковых месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту адкрылі ў садках праз адкрыццё дадатковых памяшканняў, якія раней не выкарыстоўвалі па прызначэнні.
У Грандзічах плануюць будаваць па адным садку ў год да 2027 года
Да 2027 года ў Грандзічах плануюць будаваць па адным дзіцячым садку штогод. Акрамя гэтага, чыноўнікі абяцалі пачаць праектаванне дзіцячага садка разам з пачаткова школай. Там пасля выпуска з садка дзяцей будуць вучыць да пятага класа, а пазней пераводзіць у школу па месцы жыхарства альбо са спецыяльным ухілам. За межамі новых мікрараёнаў будаўніцтва садкоў не запланавана.
Садок на 335 месцаў, пра які сказаў Абрамчык, абяцалі здаць у эксплуатацыю ў 2023 годзе. У яслі-сад № 111 на 230 месцаў, які адкрылі ў 2021 годзе, зараз ходзяць 338 дзяцей.
Да 2025 і далей
Жылы раён Грандзічы пачалі будаваць у 2018 годзе. Асноўны забудоўшчык — ААТ «Гроднажылбуд». Усяго тут збіраюцца пабудаваць 22 мікрараёны: 14 пад шматпавярховую забудову і 8 — для прыватных дамоў. Паводле планаў у Грандзічах будуць пражываць 65 тысяч чалавек. Агульная плошча мікрараёна — 653 гектары.
Праца над рэалізацыяй праекта да 2025 цалкам не завершыцца. Яе разлічваюць яшчэ на 10−12 гадоў.