Права арэнды ўчастка на скрыжыванні вуліц Дзяржынскага і Курчатава, каля скульптураў герояў фільма «Белыя росы», прадалі 15 сакавіка. Пакупнік — бізнесовец з Мінска. Пра гэта паведаміла газета «Вечерний Гродно».
Участак плошчай 23 соткі знаходзіцца паміж міні-рынкам «Дзевятоўка» і новабудоўляй на вуліцы Курчатава, 22. Яго здалі ў арэнду на 50 гадоў. Паводле ўмоваў аўкцыёну там трэба пабудаваць рэстаран альбо кафэ.

Уласна таргі не адбыліся, бо на аўкцыён зарэгістраваўся толькі адзін удзельнік. Паводле правілаў, у такім выпадку ўдзельнік купляе аб’ект за пачатковую цану +5% ад яе. Пачатковая цана ўчастка — 39,4 тыс. рублёў. Канчатковая склала 41,4 тыс. рублёў.
Такая ж сітуацыя склалася ў той жа дзень на аўкцыёне па продажы ўчастка ля Пышкоў. Там таксама адзіным пакупніком апынуўся прадпрымальнік з Мінска.
Цана за права арэнды — не адзіныя выдаткі
Інвестару трэба будзе кампенсаваць выдаткі Гродзенскай гарадской ЖКГ за спілоўванне дрэваў, знос тратуараў і апораў асвятлення, размешчаных на арандаваным участку. Камунальшчыкі ацанілі выдаткі ў 15 тыс. рублёў.
Драўляныя скульптуры — апошні напамін пра колішнюю вёску
Скульптуры герояў фільма «Белыя росы» усталявалі на скрыжыванні вуліц Курчатава і Дзяржынскага ў траўні 2018 года. У 1983 годзе тут здымалі знакамітую савецкую камедыю. Па яе сюжэце вёска адступала пад ціскам горада. Праў 35 гадоў лёс кінавёскі паўтарыла вёска сапраўдная. На месцы апошніх дамоў пабудавалі шматпавярховікі.
