Вайна ва Украіне, санкцыі, а таксама прыпыненне палётаў адбіліся на турыстычным бізнесе Беларусі. Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый (РСТА) звярнуўся ў Міністэрства спорту і турызму з прапановай увесці шасцімесячны мараторый на вяртанне грошай за турыстычныя пуцёўкі. «Каб не дапусціць краху турыстычнага рынку», — напісалі на сайце РСТА.

Украінскія і расійскія тураператары і іх прадстаўніцтвы ў Беларусі анулююць заяўкі ад беларускіх турагенцтваў. Напрыклад, украінская кампанія «Join Up» з-за форс-мажорных абставін спыняе аперацыі і замарожвае грошы кліентаў. Расійскія тураператары прапануюць ануляваць пуцёўкі, а грошы кліентаў пакінуць на захаванне для будучых падарожжаў.
З-за гэтага ў беларускіх турыстычных кампаній і агенцтваў узнікаюць фінансавыя праблемы. Яны не могуць вярнуць грошы сваім кліентам.
Складанасці ў турыстычным бізнесе не першы год
З першымі складанасцямі турыстыстычныя кампаніі сутыкнуліся ў час першай хвалі каранавіруса ў 2020 годзе. З-за пандэміі ў 2021 годзе збанкрутавала гродзенская фірма «Экспресс-тур», якая працавала з 1996 года. У апошнія гады агенцтва арыентавалася на прывоз у Беларусь бязвізавых турыстаў. Некаторыя іншыя турфірмы таксама закрыліся альбо адмовіліся ад арэнды офіса і іншых выдаткаў.
На што разлічваюць улады
Чыноўнікі плануюць арыентавацца на ўнутраны турызм, расказаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк тэлеканалу «Гродно Плюс». Гэтаму спрыяе адкрыццё ў 2021-м шэрагу экспазіцый: у Старым замку ў Гродне, у Гальшанскім, Крэўскім замках, лічыць намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
Даходы Гродзеншчыны ад замежных турыстаў падалі ў 2020 і ў 2021 гадах. Аднак па выніках усяго 2021 года ўдалося дасягнуць росту: экспарт турыстычных паслуг у Гродзенскай вобласці склаў $ 7,1 млн — 162% да ўзроўню 2020 года. Калі раней гэтыя даходы забяспечвалі бязвізавыя турысты з Захаду, то летась па бязвізе ў рэгіён заехала толькі 48 чалавек. 70% турыстаў на Гродзеншчыне склалі расіяне. Зараз чыноўнікі збіраюцца прыцягваць турыстаў з Узбекістана, Арменіі, Казахстана, Грузіі, а таксама рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
Чытайце таксама: Что, опять?! В Гродно объявили конкурс на бренд для Гродненского района
Еўрасаюз больш не будзе падтрымліваць турыстычныя праекты ў Гродне
З-за ўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны Еўракамісія вырашыла спыніць усе транспамежныя праграмы. Многія праекты ў іх межах тычыліся развіцця турызму.
За грошы Еўрасаюза стварылі, напрыклад, веламаршрут паміж Гроднам і Саколкай «Шляхам Тызенгаўза», адрэстаўравалі будынак былога архіва ў Гродне, уладкавалі веламаршруты з месцамі адпачынку ў Пышках і на Аўгустоўскім канале.

Чытайце таксама: «Шлях Тызенгаўза» признали лучшим туристическим продуктом Подляшья
Акрамя таго збіраліся рэалізаваць праект па аднаўленні вяндлярні ў сядзібна-паркавым комплексе Храптовічаў XVIII стагоддзя і арганізацыі кулінарнага фестывалю ў Шчорсах (Навагрудскі раён). Ад яго адмовіліся праз ліквідацыю недзяржаўнага фонду — удзельніка праекта. Незавершанымі засталіся праекты па ўмацаванні самабытнасці сельскіх раёнаў праз развіццё традыцыйных рамёстваў і турызму ў Лідскім раёне і развіцці трансгранічнага кластара гістарычнага турызму на Аўгустоўскім канале, ды іншыя.